Вершы пра вясну

"ТЫ СПЯВАЙ, НЕПРЫКМЕТНАЯ ПТУШКА..."

Ты спявай, непрыкметная птушка,
І вітай мой бярозавы гай,
І вітай зіхатлівае сонца,
Ты спявай, пяюха, спявай!

Мо, ты івалга, мо, берасцянка,
Спеўным гукам сваім напаі.
І гучаннем гаючым, шчаслівым
Няхай шчодра напоўняцца дні.

Калі голае зробіцца голле
І зямлю зноў атуліць мароз,
Успамінаць тваю звонкую песню
Буду з сумам, ды толькі без слёз.

                                   Таццяна Мушынская
8 САКАВІКА

Вясна, на жаль, хварэла ў дзень такі,
Адлежвалася ў лесе, бліз дарогі.
Спяшалася праз Нёман, напрасткі,
Ды па калена замачыла ногі.

Але сняжок не сапсаваў настрой.
Аб коцікі вярбы мы рукі грэлі.
На мосце, над шумліваю ракой,
Сакавіка бязвусага сустрэлі.

І ён, гуллівы, лёгкі, малады
Нам сто гадоў з усмешкай напрарочыў.
…На мост той я праз многія гады
Сакавіку свайму аддзячыць крочу.

                                       Таццяна Цвірка

ЗАМЯЦЕЛІЎ ВІШАНЬКАМІ МАЙ...

Замяцеліў вішанькамі май.
Сыпле й сыпле, несупынны гэткі.
Прыгаршчамі поўнымі збірай
У траве пялёсткі, як манеткі.

Языком іх вецер зліжа, ах!
Не паспее і на смак забыцца –
Вішнямі-каралямі ў садах
Палахліва ліпень загарыцца.

                                      Таццяна Цвірка