Вершы пра Беларусь

Пятрусь Броўка.
Дарагая Беларусь

Слаўлю я свой край любімы,
Незгасальную зару.
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!

Залацістыя прасторы,
Незлічона ясных зор,
Рэкі ціхія, азёры,
Галасісты шумны бор!

Ты нас ласкай атуліла,
I я ў шчасці гавару:
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!

Не магло мне і прысніцца,
Як ты, родная, ўзрасла.
Паглядзі, твая сталіца,
Быццам казка, расцвіла.

Наша радасць, наша сіла,
Дзе для ўдзякі слоў збяру?
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!

Наталля Арсеннева.
Малітва за Беларусь

Магутны Божа! Уладар сусветаў,
Вялікіх сонцаў і сэрц малых!
Над Беларусяй, ціхай і ветлай,
Рассып праменне Свае хвалы.

Дай спор у працы спакойнай, шэрай,
На хлеб штодзённы, на родны край.
Павагу, сілу, і веліч веры
Ў нашу праўду, у прышласць - дай!

Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
Учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
Краіну нашу і наш народ.

Эдзі Агняцвет.
Зямля з блакiтнымi вачамi  

Зямля з блакiтнымi вачамi -
Раздолле рэчак i лугоў!
Тут называюць Васiлькамi
На Беларусi хлапчукоў,

Звiняць крынiцы, як цымбалы,
Сцяжынкi свецяць у лясах.
Палі, узгоркi, перавалы -
Прасторны шлях, далёкi шлях!

Краiна славы партызанскай,
Краіна міру i даброт!
Ты - наша гордасць,
Наша казка,
Як сонца, шчодры твой народ.

Твае сыны,
Твае унукі,
Мы любiм гул тваiх бароў.
І рэкi цягнуцца, як рукi,
Да цёплых, верных рук сяброў.

Людміла Воранава.
Мой родны куточак! Мая залацінка!

Мой родны куточак!
Мая залацінка!
З нябёсамі вочак
Блакіту і льну…
Здалёку відна,
Каляровай хусцінкай,
Рамонкаў, валошкі і палыну.
Смяецца, як сонца,
Жытнёвае поле,
Каліна з рабінай
Цвітуць пад акном…
Праз час, толькі, поймеш -
Якое прыволле! -
Вяртацца, хоць зрэдку,
У гэты "свой дом",
Дзе ветрыка подых -
Ласкавы цалунак,
А кроплі дажджу -
Слёзны сум па табе.
Мой родны куточак!
Ты - мой пачастунак,
Тады, калі сэрца
Зайдзецца ў журбе…