Урокі 9-10

ЗАДАННІ ПА ЛІТАРАТУРЫ

 

Заданне 1. Запоўніце табліцу.

Максімальная колькасць балаў – 5 (0,5 бала за кожную правільна запоўненую клетку)

Назва твора

Жанр

Аўтар (прозвішча ці псеўданім)

“С.Палуяну”

 

 

“Малады дубок”

 

 

“Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею”

 

 

“Чорная быль”

 

 

“Птушкі і гнёзды”

 

 

 Заданне 2. Запоўніце табліцу.

Максімальная колькасць балаў – 5 (0,5 бала за кожную правільна запоўненую клетку)

 

Назва твора

Жанр

Аўтар (прозвішча ці псеўданім)

“Насцечка”

 

 

“Роднае карэнне”

 

 

“Ave Maria”

 

 

“Калі ў краме ёсць нястача…”

 

 

“Чазенія”

 

 

 

Заданне 3. Запоўніце табліцу.

Максімальная колькасць балаў – 5 (0,5 бала за кожную правільна запоўненую клетку)

 

Назва твора

Жанр

Аўтар (прозвішча ці

псеўданім)

“Родныя вобразы”

 

 

“Страцім-лебедзь”

 

 

“Мая вера”

 

 

“Дуб-дзядуля”

 

 

“Кепска будзе”

 

 

 

Заданне 4. Пісьмова адкажыце на наступныя пытанні:

Максімальная колькасць балаў – 4 балы

 

  1. Прозвішчы якіх беларускіх пісьменнікаў адрозніваюцца пачатковымі літарамі?
  2. Сваяком якога беларускага пісьменніка, перакладчыка і мастака быў французскі паэт Гіём Апалінэр?
  3. Які паэт і драматург пачатку ХХ стагоддзя падпісваў свае творы псеўданімамі Марка Бяздольны, Янук з-пад Мінска, Здарэнец?
  4. Пра якога паэта гавораць: “Пясняр чыстай красы”, “госць з высокага неба”?

 

Заданне 5. Запішыце: 1) якому паэту прысвяціў свой верш Васіль Жуковіч; 2) тэрмін, якім прынята называць такія вершы ў літаратуразнаўстве. Якім пісьменнікам прысвяцілі свае вершы: 3) Яўгенія Янішчыц; 4) Янка Купала?

Максімальная колькасць балаў – 4

 

САНЦАДАЙНЫ

 

Я дзіўлюся: колькі фарбаў,
Колькі думак запаветных
У паэта, колькі скарбаў,
Богам дадзеных, адметных!

 

Колькі ні мінае летаў,
От жа не зліняла слова;
Люба так чытаць паэта,
А таму што творца гэты –
Санцадайны, адмысловы.

Васіль Жуковіч

* * *

Грамамі агарошан,
Жывучы праз вякі –
Зноў маладзее Крошын
І звоняць жаўрукі.

 

Турботная нагода –
Каваць і выпраўляць.
Паэт – каваль народа,
Інакш нашто каваць!

Яўгенія Янішчыц

* * *

Нябожчык
Ня сьцерпіў такой нашай мукі, –
Падслухаўшы сэрца, бярэ ён
Дуду беларускую ў рукі.

 

І песьню за песьняй парадкам
Пусьціў, як жывую крыніцу:
Пасыпалісь, проста, як зь неба,
“Дажынкі”, “Гапон”, “Вечарніцы”.

Янка Купала

 

Заданне 6. Пісьмова адкажыце на наступныя пытанні:

1) Пра якога пісьменніка пісаў Уладзімір Караткевіч у лісце да Янкі Брыля ў 1964 г.? (1 бал)

 

         “Дзівосны пісьменнік, стыліст, Беларусь пяшчотна любіць, дыялогі – па-беларуску, стыль, побыт, фантазія, народны характар – усе чыста беларускія... А гэта проста беларускі Гогаль ... І такі тыповы, рамантычны беларускі гафманізм! І такая фантазія!”

 

         2) Як называецца прыём, выкарыстаны Піменам Панчанкам у вершы “Паэзія”? Запішыце цалкам вобразнае выказванне Гейнэ. (2 балы)

 

Кажуць, непатрэбшчына –
Рыфмы нават геніяў.
А што рабіць з трэшчынай?
Помніце? Гейнэ.

  

Тэксты для водгукаў на мастацкі твор у сезоне 2006-2007 гг.

 

* * *

 Мне з кожным днём чагосьці не стае.
Мне з кожным днём чагосьці мала-мала.
Гляджу у вочы любыя твае,
І ўсё ж мне не хапае слова — мама.
Я знаю цеплыню тваіх вачэй,
Якім нідзе не знойдзеш параўнанняў,
Я знаю вусны — сонца гарачэй,
Не ранішнія промні у тумане.
Зямное, найсвятлейшае "люблю",
Каго ты толькі ў высі не ўзнімала!
Я салаўя без песні не ўяўлю,
Хоць побач жаба ноччу горла рвала.
Пакуль жывуць і Вера, і Любоў
І золатам яшчэ у свеце правяцъ,
Пакуль у жылах маіх б'ецца кроў,
Ідуць, як цені, Здрада і Нянавісцъ.
Пакуль плыве славуты мой Дняпро,
Рачулкі бег не спыняць ні на хвілю,
А будзе йсці, перамагаць Дабро,
А зло згніе ў сваёй балотнай цвілі.
Любоў і Вера! Вы за ўсё мацней,
Адкрыты дзверы насцеж перад вамі.
Каханай знаю цеплыню вачэй.
А як цябе мне не хапае, мама!..

Яўген Крупенька

 * * *

 Журавіны

 

     Што за казачнае слова – журавіны! Колькі музыкі, пяшчоты ў кожным гуку! Так і хочацца ўголас паўтарыць: журавіны, журавінка. Быццам то не назва, а замова-весялінка.
      Дарога ў нас няблізкая – на балотныя імшарыны. Туды на колах не заедзеш і пешкі ўсюды не пройдзеш, бо пад нагамі аж дрыжыць, гайдаецца зямля. А навокал хвойкі з растапырамі-галінамі. Пад імі купіны сядзяць, падобныя на мяккія падушкі. На кожнай ягад – як пацерак насыпана.
      Журавіны восенню з кіслінкай, свежых надта многа не з’ясі. Затое лекі з іх – няма другіх такіх на свеце. Пра гэта людзі ведалі ў даўніну. Шмат якія стравы проста казачнымі робяцца, калі гаспадыня не забылася пра пацеркі балотныя. Назаву хоць бы ўсім вядомую квашаную капусту з журавінамі.
       А яшчэ параіў бы вам збегаць на імшарыну вясной і пашукаць там перамерзлых ягад. Цяпер яны – за ўсе цукеркі саладзейшыя. Аднак не дужа налягайце, пакіньце ласунак гаспадарам балотнае краіны. Чуеце, як з паднябесся радасна звіняць іх срэбныя трубы: “Курлы-ы! Курлы-ы!”
     Аднак праўду людзі кажуць: “Вясной зверху пячэ, а знізу кусае”. Раптам уначы неспадзявана вернецца зіма. Снегу сыпане, як з бяздоннага меха, мароз напусціць на ўсё жывое. То паўбяды. Страшней за ўсё бяскорміца. Асабліва для стомленых птушак, якія вярнуліся з далёкага выраю. Адзін ратунак ў жураўлёў-прыгажуноў – ягады балотныя. Таму, мабыць, і называюць журавіны часам трошкі інакш, але таксама вельмі прыгожа і паэтычна – жураўлінамі.

Уладзімір Ягоўдзік

 

* * *

 Да роднага парога на паклон
Ідуць усе дарогі і сцяжыны,
Яны хутчэй спяшаюцца з чужыны,
Як у спякоту статак на паўдзён.
На ім добраславенне і заклён,
На ім сякеры след і след птушыны,
Цень ад даёнкі і ад дамавіны.
Яго пераступае звон і сон.

 Не абмінае навіна благая –
Нібы нясе ў прыгоршчы вугалі.
Яму высокі ганак прысягае.
Сябе шукае згубленае ўчора.
І плечы разагнуць няма калі.
Парог згарбеў ад радасці і гора.

Рыгор Барадулін

 * * *

 ДАРОГА Ў АЛЬБУЦЬ

 

Святых мясцін на свеце многа,
Але і гэтай не міні…
Іду ў Альбуць лясной дарогай –
Ступня адчула карані.
Какорыцца,
Рабрыцца шлях твой
Ва ўсе часы,
Мой родны кут.
Вазок фацэтны гордай шляхты
Пыхліва не імчаўся тут.
І ў век ракетны, электронны
Урослай, сцішанай вярстой
Да Коласа ідуць з паклонам
Яго нашчадкі пехатой.
Шлях ціснецца паміж стваламі,
Каб ведаў кожны без прынук –
Наш лёс,
як дол,
прарос вузламі
Сялянскіх спрацаваных рук.
Шлях сведчыць, што невыпадкова
Паэт жыў мазалём спярша,
Таму пад світкай шарачковай
І ўстрапянулася душа.
Мужык жывучы ўваскрэснуў,
І скінуў ён ярмо нягод,
І слова крэўнае, і песня
Сказалі: “Ёсць такі народ!”
Сюды пад небам незамглёным
Іду з надзеяй у вачах,
Дзе Коласа дубы над Нёмнам
Жыццё трымаюць на плячах.

Сяргей Законнікаў

 * * *

 Размыты сэнс – нібы нязменны вырак.
Размыты сэнс хістаецца ва ўсім.
Куды ні глянь – адзін шматлікі вынік,
а як дапетрыць, што стаіць за ім.

Шматколерна навокал ззяюць кветкі,
траву і дрэвы бласлаўляе дол.
Мы дзівімся – уражлівыя сведкі
таго, што адбылося навакол.

Плыве ў нябёсах сонца ў пазалоце
і з намі не ўзгадняе ўласны рух.
Нібы агонь жывучы, ў нашай плоці
трапечацца зусім нябачны дух.

Працягваюцца атамы й нейтроны,
планеты ліпнуць да сваіх арбіт.
Правальваецца ў цемру свет зялёны,
ды свежым сокам сочыцца нябыт.

А прага знаць – бяссіллю горкі выклік,
бо розум не жадае на спачын.
Мы смокчам, як цукерку, бачны вынік,
спазнаць не змогшы смак першапрычын.

Мар’ян Дукса

 

Водгук на верш Яўгена Крупенькі

Мне з кожным днём чагосьці не стае

(раённая алімпіяда

 

       Кожны мастак слова паэтызуе ў сваіх творах вобраз маці па-свойму, у залежнасці ад таго, якія струны яго душы закранае адзін успамін, адно пяшчотнае слова – мама.
       Напрыклад, Аркадзь Куляшоў лічыў маці цэлым светам, а сябе – яго часткай. “Я – матчын спеў, я – матчыны трывогі,” – прызнаваўся ён у адным са сваіх вершаў, тым самым указваючы, што маці – асоба, у душы якой суіснуюць, радасць, боль і трывога за дзяцей. Для Юрася Свіркі маці і яе любоў – сіла, якая дазваляе здзяйсняць подзвігі, і суцяшэнне ад болю і крыўды. Сяргей Грахоўскі атаясамлівае маці з Радзімай і сцвярджае: усё, што не датычыцца гэтых святых паняццяў, – другаснае. Для Ніны Мацяш маці, у першую чаргу, выклікае асацыяцыі незямной, шчырай і бескарыслівай любові, якая “нябёсы трымае”. У Сяргея Законнікава перад вачыма заўсёды “тры абліччы”: “маці, каліна ды Беларусь”, прычым маці называецца першай. Гэтыя тры постаці суадносяцца з трыма сімваламі жыцця чалавека, трыма станамі душы: верай, надзеяй і любоўю.
       Тонка адчуваючы непарыўную сувязь паміж згаданымі паняццямі, мне здаецца, і стварыў Яўген Крупенька свой непаўторны і ў чымсьці наватарскі твор, дзе ўвасабленнем Любові і Веры выступае каханая жанчына. На гэта ўказваюць словы, ужытыя ў пераносным значэнні: “вочы”, “вусны” з адпаведнымі эпітэтамі і параўнаннямі: “любыя вочы”, “каханай знаю цеплыню вачэй”, “вусны – сонца гарачэй”. Такі падбор лексікі, на мой погляд, невыпадковы. Ён дазваляе аўтару выразіць сваё стаўленне да каханага чалавека і да самой сутнасці такіх паняццяў, як Вера і Любоў. На думку Я. Крупенькі, і я з ім цалкам згодна, чалавек у свеце не можа пражыць шчаслівае і радаснае жыццё без кахання, як нельга ўявіць салаўя – сімвал маладосці – без песні. Толькі каханне, моцнае, шчырае, бескарыслівае пачуццё, здольна “ўзняць у высі”, даць натхненне, адчуванне асалоды ад жыцця, падарыць веру ў свае сілы. А сілы патрэбны чалавеку ў сённяшнім свеце як ніколі, бо побач са шчасцем, каханнем (так званымі “белымі палосамі” нашага жыцця), прыхаваўшыся, існуюць Здрада і Нянавісць, быццам жаба, якая “дзярэ горла”, спрабуючы перапыніць салаўіныя трэлі. Але сілы, народжаныя пачуццём Веры і Любові, здольныя на многае: ачысціць чалавечае існаванне ад усяго брыдкага, агіднага, непатрэбнага. Магутна сказана аўтарам:

Пакуль жывуць і Вера, і Любоў
І золотам яшчэ у свеце правяць,
Пакуль у жылах маіх б’ецца кроў,
Ідуць, як цені, Здрада і Нянавісць.
Пакуль плыве славуты мой Дняпро,
Рачулкі бег не спыняць ні на хвілю,
А будзе йсці, перамагаць Дабро,
А зло згніе ў сваёй балотнай цвілі.

       У гэтых радках гучыць нязгасная вера, што менавіта так і павінна быць, бо перад Любоўю і Верай заўсёды ўсе схіляюць галовы, “адчыняюць дзверы”. Аднак не з’яўляюцца гэтыя пачуцці, на думку паэта, самымі моцнымі, самымі важнымі, самымі трывалымі. Ёсць штосьці, чаго заўсёды не хапае жыхару нашай планеты, што не купіш за грошы, што робіць жыццё лягчэйшым, што суправаджае нас заўсёды і не пакідае ў гадзіну смерці, што з’яўляецца дабром, якое не можа ніколі надакучыць. Для паэта – гэта маці, якая атаясамліваецца з Надзеяй, найлепшымі лекамі для стомленых цела і душы, галоўным багаццем чалавека. У гэтым упэўнівае нас паўтор слоў “як цябе мне не хапае, мама”.
      Надзея, як вядома, памірае апошняй. Якое ж значэнне яна мае для чалавека? Варта прыгадаць навэлу О’Генры “Апошні лісток”. Галоўная гераіня захварэла на пнеўманію і ўжо страціла веру ў тое, што жыццё яе яшчэ можа працягнуцца. Яна чакала смерці, калі ўпадзе апошні лісток з дрэва, але чалавек, які лічыў сваім абавязкам клапаціцца пра жыццё дзяўчыны, падараваў ёй надзею, а сам загінуў. Дзякуючы гэтаму маладая мастачка засталася жыць.
        Вось чаго не запае Я. Крупеньку. У яго ёсць, як здаецца, усё: каханая жанчына, а разам з тым і верная сяброўка, узаемнае пачуццё. У яго ёсць Вера і Любоў, але Надзеі няма. А яшчэ Максім Багдановіч у вершы “Безнадзейнаць” паказаў, што, калі надзеі “блеску няма”, “ужо к жыццю не вараціцца”.
      Агульнавядомы той факт, што “голас каханай” можа “сагрэць сонцам лета, голас маці – вярнуць з таго свету”. Такім чынам, у апошніх радках верша гучыць яго ідэя: паэту побач з Любоўю і Верай патрэбна яшчэ і Надзея, якой няма. Менавіта таму ў канцы твора стаіць клічнік і шматкроп’е нібы крык у пустату.

Есмановіч Юля (гімназія-каледж №24, г.Мінск, 11 клас 2007 г.)

 

ПРАМЕТЭЙ

(тэкст для водгуку ў 9 класе)

Каторы дзень я,
Збіўшыся з дарогі,
Ішоў па горных кручах і разлогах,
На паратунак страціўшы надзею.
І раптам знекуль голас Праметэя:
− Каго сюды нягода прывяла,
Дзе толькі чуць
Мой стогн
Ды крык арла.

А, чалавек!
Скажы, як там на доле:
Ці людзі задаволеныя доляй?
Ці згода і любоў жыве між імі?
Ці маці цешыцца дзяцьмі сваімі?
Ці дорыць шчодрая зямля дары?
Ці ў хатах мірны мой агонь гарыць?

Чаму маўчыш?
Скажы, няўжо дарма я
Тысячагоддзі ў путах паміраю,
І мой агонь,
Вам дадзены, гаротным,
Для свету стаў пагрозаю смяротнай?

Маўчыш!
Ну што ж, вяртайся на свой дол…
Зноў, бачыш,
Кружыць нада мной
Арол.

Максім Танк

 

Водгук на верш МаксімаТанка “Праметэй”

(Тэкст друкуецца з захаваннем арфаграфіі і пунктуацыі дзевяцікласніка. Такі водгук варта прааналізаваць з вучнямі.)

        Ужо многа тысяч год ходзіць па нашай зямлі легендп пра тое, як Праметэй шчодра адарыў людзей, даўшы ім агонь і навучыўшы ім карыстацца. Вынаходніцтва агню стала найгалоўнейшым адкрыццём старажытнасці. У глыбокім мінулым агонь з’яўляўся сімвалам жыцця, бо без яго немагчыма было прыгатаваць ежу, патрэбную для існавання чалавечага арганізму. Нішто не пачало так саграваць і падтрымліваць неабходную тэмпературу цела нашага далёкага продка. Дапамагаў агонь таксама і абараняцца ад драпежных жывёлін і варожых плямёнаў. З цягам часу знайшоў агонь і іншае выкарыстанне, бо шмат чаго змянілася ў свеце.
     Але Праметэй не ведаў усяго гэтага. Мабыць, таму ён быў так узрадаван тым, што зараз знайшоў у каго спытацца:|
А, чалавек!
Скажы, як там на доле:
Ці людзі задаволеныя доляй?
Ці згода і любоў жыве між імі?
Ці маці цешыцца дзяцьмі сваімі?
Ці дорыць шчодрая зямля дары?
Ці ў хатах мірны мой агонь гарыць?

       Перш за ўсё Праметэй цікаваіцца, які ўклад жыцця ў сучаснага чалавека, ці змянілася што з таго часу, калі ён быў вольны. Ды толькі не пачуў ён адказу. З гэтай прычыны зразумеў Праметэй, што нічога не змянілася, што сваркі і звадкі ніколі не пакінуць гэту зямлю і што праца яго была дарэмнай.
      Такую хуткую змену настрою лірычнага героя яскрава адлюстроўвае кампазіцыя твора, якая складаецца з трох частак, пакдпарадкаваных тэме і ідэі, і пабудавана ў выглядзе маналога.
      У першай часцы ў словах Праметэя мы бачам абыякавасць да жыцця:

− Каго сюды нягода прывяла,
Дзе толькі чуць
Мой стогн
Ды крык арла.

       У другой часцы, сустрэўшыся са звычайным чалавекам, які, “збіўшыся з дарогі, ішоў па горных кручах і разлогах, на паратунак страціўшы надзею”, у Праметэя зноў з’яўляецца цікавасць да жыцця. Ды толькі была яна вельмі кароткая. Даведаўшыся аб тым, што “его агонь” “для свету стаў пагрозаю смяротнай”, Праметэй расчараваўся ў людзях. А можа не ў людзях? А можа ў самім сябе? Можа ён пашкадаваў, што падарыў чалавеку агонь і зараз з-за гэтага прымушан несці сваё пакаранне “тысячагоддзі ў путах памірае”? Калі б ён мог кіраваць часам, ці вярнуўся б ён у мінулае і змяніў былое?
     Я спадзяюся, што не. Бо як бы мы абыйшліся без “его агню”? Максім Танк акцэнтуе нашу ўвагу на выразе лірычнага героя “мой агонь”, але які ён гэты Праметэеў агонь? Не, гэта не агонь двух Сусветных войн! Гэта не агонь Вялікай Айчыннай вайны! Не, гэта не агонь Хатыні! Праметэеў агонь – “мірны”. Гэта той агонь, які дапамагае нам у паўсядзённым жыцці. Таму і змірыўся са сваім лёсам Праметэй, дараваў нам гаротным нашы памылкі, спадзяючыся на тое, што мы будзем адрозніваць гэтыя два агні:

Ну што ж, вяртайся на свой дол…
Зноў, бачыш,
Кружыць нада мной
Арол.

       Але ці павінна ўсё застацца так? Маўля, дараваў нам Праметэй нашы памылкіі ўсё на гэтым, кропка. Не! Павінны мы і выправіць нашы памылкі, і паказаць гэтым прыклад сваім нашчадкам, каб не было ім сорамна, і не прыйшлося адказваць на пытанне “Чаму маўчыш?”, калі яшчэ праз тысячы год спытаецца Праметэй.

  

ТЭМЫ ДЛЯ КОНКУРСУ “ВУСНАЕ ВЫКАЗВАННЕ”

 

         “Вуснае выказванне” – гэта конкурс, умовамі якога прадугледжана, каб вучань правільнай літаратурнай мовай выказаўся на адну з трох прапанаваных у білеце тэм. Новым і нечаканым для многіх удзельнікаў (хаця пра гэта неаднаразова гаварылася) аказалася тое, што значна пашырыўся, у параўнанні з мінулымі гадамі, пералік тэм, якія маюць непасрэднае дачыненне да беларускай літаратуры.

 

Тэмы па мове

 

  1. Мова — гэта адна з найважнейшых прымет нацыі, падмурак этнічнага самаўсведамлення народа, аснова яго культуры.
  2. Слова – гэта не толькі ўмоўны знак для выражэння думкі, а мастацкі вобраз, вызваны найважнейшымі адчуваннямі, якія прырода і жыццё выклікалі ў першабытным чалавеку. (Вацлаў Ластоўскі)
  3. Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова. (Алесь Разанаў)
  4. І ўсё мілагучна для слыху майго: І звонкае “дзе” і густое “чаго”. (Пімен Панчанка)
  5. У добры час, на ўлонні вясковым, Дзе вадзіца крынічная б’е, Навучыўся я матчынай мове І задуманых песняў яе. Многа ёсць недасягнутых скарбаў, Яшчэ болей прываблівых мар. Я яе ні за што не аддаў бы, Бо яна найвялікшы мой скарб! (Ларыса Геніюш)
  6. «Беларуская граматыка для школ» Б. Тарашкевіча, што выйшла ў 1918 годзе, у Biльнi, у друкарні Марціна Кухты, паралельна двума выданнямі — pycкімі і лацінскімі літарамі, з'явілася той працай, у якой быў абагулены накоплены к таму часу вопыт кнігaдрукавання на беларускай мове. (Леў Шакун)
  7. О мова матчына, пявучая мая! Густая, нібы мёд, іскрыстая, як сонца, Вясёлак фарбы тут, і трэлі салаўя, І звон крыніц, і шум лясоў бясконцы… (Эдуард Валасевіч)
  8. Сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы, Што паступова сціраюцца грані нацый І, нібыта як перажытак, аджыць павінна абавязкова Мова маці маёй – беларуская мова. (Рыгор Барадулін)
  9. Багата, родная ты мова… А вобразы якія ў словах, А параўнанняў што за ўзлёт! (Пятрусь Броўка)
  10.  Калі ласка! – Нашай роднай мовы Шчырыя і ветлівыя словы. (Пятрусь Броўка)
  11. Калі кахаць – не напалову, Вітаць – і выраі, і квет… Душа, як ласкі, прагне слова, Бо кожны чалавек – паэт. (Алег Лойка)
  12. Беларускія прыказкі.

 

Тэмы па літаратуры

 

  1. Славу ткалі гады. На крывіцкай зямлі Панавала і шчасце, і згода … У харомах сваіх на пацеху ўсім Вырастала дачка Рагвалода. (Уладзімір Бутрамееў)
  2. Над Іарданам сінім Скончыцца выпрабаванне... Мір табе, Ефрасіння!.. Посах твой не прыстане!.. (Алег Лойка)
  3. Бом – плыве і сціхае ў далечы. Бом – ляціць Дзвіне наўздагон. Полацк славячы, Бога хвалячы, Еўфрасінню вітае звон. (Міхась Скобла)
  4. Усяслаў-князь людзям чыніў суды, Радзіў князям гарады…(“Слова пра паход Ігаравы”)
  5. Францыск Скарына быў сынам свайго часу, той бурлівай эпохі, якая “адчувала патрэбу ў волатах і якая нарадзіла волатаў па сіле думкі, страсці і характары, па шматграннасці і адукаванасці… (Сцяпан Александровіч)
  6. У Італіі, у Падуанскім універсітэце, ёсць славутая “Зала сарака”. У ёй размешчаны сорак партрэтаў слаўных з найслаўнейшых людзей зямлі. Сярод іх другі – Францыск Скарына. (Васіль Хомчанка)
  7. “Песня пра зубра” – гімн роднай выдатны твор беларускай літаратуры эпохі Адраджэння. (Уладзімір Калеснік)
  8. Адным з самых ранніх відаў старажытнай пісьменнасці з’яўляюцца летапісы – пагадовыя запісы гістарычных падзей у мінулыя часы. Аб прызначэнні гэтага віду помнікаў гаворыць і само слова, утворанае ад назоўніка “лета” ў значэнні год і дзеяслова “пісаць”. (Аляксандр Жураўскі)
  9. У кожнага народа ёсць постаці, якія самаахвяраваліся для станаўлення і развіцця нацыі, яе мовы, дзяржаўнасці культурнай самабытнасці. З цягам часу яны становяцца сімваламі гістарычнага быцця народа. Наша радзіма не была беднай на сваіх прарокаў паэтаў, песняроў, асветнікаў, дзяржаўных дзеячаў. Гэта яны тварылі нашую гісторыю, бо выдзяляліся з шараговага люду свайго краю вялікім талентам, неадольнай прагай да служэння Бацькаўшчыне, універсальнымі ведамі і ўзнёслай духоўнасцю. Іхнія жыццёвыя лёсы драматычныя, нярэдка з трагічным фіналам. (Уладзімір Конан)
  10. Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасці – Веру-мужнасць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні. (Ніл Гілевіч)
  11. Мацей Бурачок не памёр, бо выжылі беларусы. (Данута Бічэль-Загнетава)
  12. На ўсю Беларусь мільён пракурораў І толькі адзін, толькі ён адвакат. (Рыгор Семашкевіч)
  13. Пры жыцці Багушэвіч хацеў ад нашчадкаў няшмат. Усяго толькі пачуць “дзякуй” ад тых, хто, хто спадабае яго вершыкі. Але час і гісторыя паказалі, што паэтычны і гарамадскі подзвіг, здзейснены Багушэвічам, значна больш велічны, чым уяўляў яго сам паэт. (Уладзімір Содаль)
  14. “Шляхціц Завальня” – гэта спроба даць кнігу сэрцаў і характараў людскіх…(Ян Баршчэўскі)
  15. Жыццёвая філасофія літаратурных герояў ХІХ стагоддзя.
  16. Асаблівасцю мастацкай манеры Ядвігіна Ш. было тое, што ён імкнуўся ў творы ахапіць жыццёвую з’яву цалкам, асэнсаваць яе, узняць на ступень мастацкага абагульнення і ўвасобіць у нейкія ўжо гатовыя, раней вызначаныя формы… (Кузьма Хромчанка)
  17. Творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, па сутнасці, выцякала з самой стыхіі народнай культуры, з’яўляючыся першым пісьмовым увасабленнем яе шырыні і разнастайнасці на беларускай мове. (Уладзімір Мархель)
  18. У краіне светлай, дзе я ўміраю, У белым доме ля сіняй бухты, Я не самотны, я кнігу маю З друкарні пана Марціна Кухты. (Максім Багдановіч)
  19. Купала і Колас … Раптоўна Адчуеш свабодна зусім – Не толькі радком загалоўным – Ты ўсім абавязаны ім. (Рыгор Семашкевіч)
  20. Да Стоўбцаў Купала ехаў. Сышоў з цягніка спехам... Значыць, недзе тут Родны Коласаў кут? (Анатоль Вярцінскі)
  21. Якуб Колас – волат беларускай паэзіі, пясняр і паэт простай, шчырай, глыбокай прыгажосці. Вершы яго падобны на вясновы задуменны шум яго родных лясоў, плюскат ціхіх рэк, ціхія дарогі сярод вячэрніх палёў, на песні яго землякоў, песні аб волі, аб працы, аб жыцці. (Міхась Ціханаў)
  22. Паэтычная спадчына Якуба Коласа.
  23. Паэзія – гэта вясёлкавы мост Ад сэрца людскога Да мары… (Максім Танк)
  24. Кожны, хто хоць калі-небудзь глядзеў на бязвоблачнае неба, упрыгожанае ў месячную ноч незлічонай колькасцю зорак, не мог не заўважыць, што некаторыя з іх свецяць ярчэй. Яны першымі загараюцца ад полымя вячэрняй заранкі, яны даўжэй мігцяць, аж пакуль не прачнецца сонца на світанку. З імі найчасцей размову вядзе чалавек у час душэўнага неспакою.Так і ў жыцці. Так атрымалася і ў літаратуры, калі ў пачатку дваццатага стагоддзя з’явіліся ў друку імёны трох новых паэтаў, непаўторныя словы якіх загучалі мацней, праўдзівей, ярчэй. Гэта былі... (Анатоль Клышка)
  25. “Жураўліны крык” – першы ва ўсіх адносінах тыповы для Васіля Быкава твор. (Дзмітрый Бугаёў)
  26. Праз пейзаж можна выказаць многае, і гэта засведчыла прыродаапісальная лірыка нашых класікаў… (Алесь Бельскі)
  27. Сярод безлічы іншых ёсць і такое азначэнне паэзіі: гэта тое, што знаходзіцца на другім, нябачным для вока, баку дрэва. Бачыць нябачнае, чуць нячутнае – у гэтым прызначэнне паэзіі і яе сутнасць. Гэтакая прырода паэтычнай творчасці, з’явы фенаменальнай у гісторыі культуры, выпрацаванай і адшліфаванай вякамі і нават тысячагоддзямі. (Яўген Гардзіцкі)
  28. Сучасная літаратура Беларусі.

 

Вольныя тэмы

1.                                   Калі марнею ад нягод

І сэрцу цесна,
Я ўспамінаю радавод
І продкаў песні. (Алесь Пісьмянкоў)

2. Вы, калядачкі, бліны-ладачкі,
   Ай, люлі-люлі, бліны-ладачкі. (Народная творчасць)

3. А на Купалу рана сонца іграла …
З народнай песні

4.Боль і памяць наша – незабыўная рана Хатынь…
Анатоль Вярцінскі

5.Каб любіць Беларусь нашу мілую,
   Трэба ў розных краях пабываць.
Алесь Ставер

Даўніны незабыўны ўспамін
Прыгадаю сягоння ў журбе…
Што не зможаш адолець адзін, –
Талака дапаможа табе!

Леанід Пранчак

7. Не сорамна быць даўжніком,Забыцца,

што даўжнік ты,

сорам.

Алег Лойка

8.                                            Незагойнаю ранай

Мне Чарнобыль баліць…

Генадзь Бураўкін

9.                         Паміж пустак, балот беларускай зямлі,

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,

Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, –

Ўдзірванелы курган векавечны.

Янка Купала

10.                       Кожны чацвёрты быў мёртвы –

мір і спакой ім вечны!

Кожны трэці быў змораны,

скалечаны і знявечаны.

Анатоль Вярцінскі

11. Раны гояцца часам, а дружбаю – гора…

Аркадзь Куляшоў

12. Патрыятызм – гэта ўпрыгожванне радзімы талентамі і справамі.

Георгій Марчук

13.                       Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль.

І гэты свет

Сагрэлі нам матулі. (Рыгор Барадулін)

14.             Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы

Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,

       І называюць той век залатым.

Мікола Гусоўскі

15.                                 Чалавеку патрэбна не слава,

А людская павага і ласка.

Сяргей Грахоўскі

16. Мы часта самі адчувалі, што адной кнігі мы не можам дачытаць, а другая чытаецца лёгка, ад яе нельга адарвацца. Усё ў ёй хораша, натуральна... І сакрэт гэтага майстэрства просты... (Ян Скрыган)

Яшчэ тварыць дабро
Ёсць спосабаў нямала.

Леанід Галубовіч

18.                                 Не тое лепшае,
што навейшае,
а тое лепшае,
што раднейшае.

Анатоль Вярцінскі

19.                                 Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам
Ляцім да зор?

Максім Багдановіч

20.                       Не пагарджаць святым сваім мінулым,
А заслужыць яшчэ, і вартым быць яго.

Уладзімір Караткевіч

21.                       Вялікі кошык падняла матуля,
а сын маленькай ручкай памагае.
Матулю дапамогай
ён расчуліў…
Хвіліна ўрачыстая якая!

Уладзімір Дубоўка

22.                                 Карцінам трэба, як і людзям,
Жыць на сваёй святой зямлі.

Пімен Панчанка

23.                                 Ёсць у нашай краіны
Ад дзён яе раніцы
Дарагія мясціны,
Дзе шапка здымаецца.
І хоць крыгі вякоў
Прайшлі над гарадзішчамі,
У імя вякоў
Тыя месцы ахрышчаны.

Максім Лужанін

24.                                 Ён ранкам падкову
знайшоў у расе,
шчасліўчык,
адораны лёсам,
і кожны падумаў:
дамоў панясе!
А ён – шпурлянуў у нябёсы:
“Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!”

Алесь Пісьмянкоў

25.              Беларусь – мая калыска…

Уладзімір Лісіцын

Адбярыце і знішчыце трыццаць першы пракляты сярэбранік,
А іначай – няшчасце Зямлі.
А іначай – канец.

Уладзімір Караткевіч

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.

Рыгор Барадулін

Хачу прачнуцца я праз сотні год,
Паслухаць траў і ветру шапаценне.

Юрась Свірка

Госці ў хату – беларусы
Рассцілаюць на сталах
Саматканыя абрусы,
Вараць бульбу ў саганах.

Уладзімір Скарынкін

Наваградак – ты меч бацькоў,
ты – песня матчына.

Сяргей Панізнік

Нашы продкі –
Глебы, Яраславы –
Сейбітамі дбайнымі былі.

Уладзімір Скарынкін

32

Голас незнаёмага можа здзівіць,
Голас друга – на хвіліну спыніць,
Голас любай – сагрэць сонцам лета,
Голас маці – вярнуць з таго свету.

Максім Танк

І аб усім напамінаюць зноў
Старыя курганы і абеліскі.

Анатоль Сербантовіч

Дабро, спагада …
З імі трэба жыць.
Пра чуласць, чалавечнасць варта помніць,
каб у хвіліны, што гарчаць слязой,
свой кожны крок,
свой кожны след
выразна вызначыць маглі вы…

Мікола Аляхновіч

Радня – працяг твайго зямнога дня…

Рыгор Барадулін

Васількі ў світальным жыце.
Вербы ніцыя над Сожам.
Беларусь: Бярэсце, Свіцязь,
Налібокі і Каложа…

Леанід Пранчак

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.

Яўгенія Янішчыц

Усё хараство жыцця ў музыцы чароўнай…

Эдуард Валасевіч

Мне Свіцязь начамі сніцца …

Мікола Аляхновіч

…Паэт, згараючы, ўсё людзям аддае,
Сваёй Радзіме і свайму народу,
І ў сэрцах нашых, ў думках ён заўсёды!

Эдуард Валасевіч

Баюся чалавечай глухаты
да радасці і да бяды суседа,
баюся і ашчады ненаеднай
і паказной няшчырай дабраты.

Хведар Жычка

Куды б ні ад’язджаў я з родных ніў,
мяне да іх зноў цягне, як магнітам…

Хведар Жычка

“Любоў – міраж”, – магчыма, скажа хтосьці.
Яна ж трымае свет спакон вякоў.

Васіль Жуковіч

Не мае памяць межаў і граніц,
Яна пульсуе ў кожным радаводзе.

Змітрок Марозаў

Каб лягчэй было ў дарозе,
Трэба на ўсіх указальніках
Замест кіламетраў
Напісаць:
“Ідзіце!
Не аглядайцеся,
Бо жыццё яшчэ –
Перад вамі”.

Максім Танк

Люблю цябе і слухаю, прырода,
такая блізкая парой любой!

Васіль Жуковіч

Як чалавеку жыць без дружбы й веры,
Без цеплыні сяброўскае рукі?!

Алесь Звонак

Шкада мне тых, хто страціў карані
І ў небыцці марнуе свае дні
Без дабрыні, без веры і надзеі.

Змітрок Марозаў

Ах, вёсачкі пад назвай Салаўі!
Ах, сёлачкі з найменнем Стрыжаняты!
А Дзятлікі, Арлы ды Вераб’і…
Які ў гучанні спеў і сэнс багаты!

Соф’я Шах

Трымаю хлеб на стомленых руках,
Нібыта візу ў новае стагоддзе.

Змітрок Марозаў

У хату лесавік прынёс калыску
Цікавых казак поўную і сноў.
Пра Чарадзея, Рымшаву папліску,
Пра бацькаў дар і пра яго сыноў…

Пятро Сушко

З’яўленне, праца, аднаўленне, скон –
Кірунак чалавечы, вечны вектар.
Яднае белы промень фарбы спектру.
Нясе ўсе фарбы свету белы лён.

Галіна Булыка

У кожнага свой лёс, свой Млечны Шлях…

Змітрок Марозаў

Па-рознаму страчаюць чалавека –
Шавец глядзіць, якія ў цябе боты,
Кравец глядзіць, як твой касцюм пашыты,
Як ты падстрыжаны, глядзіць цырульнік,
А я, паэт, гляджу, якія ў каго вочы, –
І рады, калі погляд ясны бачу…

Алег Лойка

Пакуль жыве каханне на зямлі,
Не згінем, быццам пыл, сярод сусвету.

Змітрок Марозаў

Запомні, покуль будзеш жыць, --
Людзей работа лечыць.

Леанід Дайнека

Сцяг Рэспублікі нашай
Чырвона-зялёны
Увабраў аж тры колеры
З неба й зямлі.

Пятро Прыходзька

І шчаслівей за ўсіх на свеце
Не той, хто жне, а той, хто сее.

Пятрусь Макаль

А страціць годнасць – невыносна,
Які б ні быў там дабрадзей…
Глядзіце знізу ўверху на сосны,
На воблакі.
Не на людзей.

 А калі вас уздыме слава,
Аб гэтым думайце радзей…
Глядзіце зверху ўніз на травы.
Ці на ваду
Не на людзей.

Пімен Панчанка

На год сто прыгод, а на вяку без ліку.

Прыказка

Моладзевыя арганізацыі Беларусі.

Гавораць,
Што тая шчаслівая хатка,
Якая гадуе
За дзіцем дзіцятка…

Алесь Пісарык

Вось на гэтай зямлі шчасце выпала мне
Жыць, за плугам хадзіць і збіраць
Непаўторныя песні і казкі яе,
Каб, сябры, усе іх вам перадаць.

Максім Танк

Беларускія музычныя гурты…
Пра што яны спяваюць сёння?

…Прарастаюць вечных ісцін дрэўцы
З незабытых праведных магіл.

Мікола Пракаповіч

Былога быліны, старога паданні
Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны,
Па краю зялёным, прастораў бяскрайніх
Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,
Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.

Пятрусь Броўка

Здароўя за грошы не купіш.

Прыказка

Мы жывём, каб вяртацца
час ад часу туды,
дзе мінула юнацтва,
дзе маленства сляды.
Мы жывём, каб вяртацца.
І лепшага шляху няма.
Мы жывём, каб вітацца:
“Мама! Дзень добры, ма!”

Анатоль Вярцінскі

Ёсць чаму, ёсць чаму
І ў народа майго павучыцца…

Юрась Свірка

Герою з Масквы ці з-за Дона,
Майму земляку ці з-за Волгі
Пад юным зажураным клёнам
Стаіць абеліск ля дарогі.

Міхась Пазнякоў

71. Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца.

Прыказка

72. Шануйся замалада – не напаткае бяда.

Прыказка

Нялёгка з пушчай вольнай разлучыцца
І апынуцца ў цеснай клетцы…
Кідаецца ва ўсе бакі ваўчыца
І на свабоду вырвацца імкнецца.

Янка Сіпакоў

Найперш, чым свой лёс,
нібы плот, гарадзіць,
падумай:
за ўсё давядзецца плаціць.

Мар’ян Дукса

75.                                 Край сініх вод, чаратамі зарослых,
Пушчаў, дзе ў голлі хаваецца сонца,
Колькі прыгадак ты будзіш штодзённа…

Ян Баршчэўскі

76. Мой клас і мая школа.