Урокі 7-8

ГРАМАТЫКА. КУЛЬТУРА МОВЫ. ТЭКСТ

 

Заданне 1. Выпішыце з тэксту (радкі верша Ф.Багушэвіча (заданне 1 па фанетыцы)) у алфавітным парадку ўсе назоўнікі, якія ў форме роднага склону адзіночнага ліку маюць канчаткі –у (-ю).

0,5 бала за кожнае слова + 0,5 бала за правільнае размяшчэнне слоў у алфавітным парадку.

 

Заданне 2. Запішыце з адпаведнымі прыкладамі ўсе магчымыя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў беларускай мове для выражэння трывальных (відавых) значэнняў дзеясловаў.

Максімальная колькасць балаў – 5 балаў

 

Заданне 3.Запішыце
1) псеўданім, прозвішча, імя, імя па бацьку паэта, пра якога згадвае ў вершы Васіль Жуковіч;
2) часцінамоўную прыналежнасць падкрэсленых слоў.

Максімальная колькасць балаў – 2

Як біўся за волю славуты паэта!
Народ зваў ён з цемры ў сонечны дзень.
Казалі пра нашыя крыўды сусвету
“Адвечная песня” й “А хто там ідзе?..”

 

Заданне 4. Да якіх часцін (якой часціны) мовы адносяцца падкрэсленыя словы? Для чаго яны (гэтыя словы) служаць?

Максімальная колькасць балаў – 2

Няўжо і вылічальная машына тут нічога не зрабіла б? (У.Караткевіч)

 Заданне 5. Выпішыце назоўнікі 1) мужчынскага роду, 2) жаночага роду, 3) ніякага роду.

Максімальная колькасць балаў – 3 (1 бал за правільна складзеную групу)

Рэвю, СНД, канікулы, гусь, какаду, рэгата, БДПУ, ралі, хіндзі, шаль, высеўкі, ПТВ, шынель, суткі, пітво.

Заданне 6. З дэфармаваных сказаў узнавіце і запішыце толькі аднасастаўныя сказы. Вызначце іх тып. Заданне выканайце ў прапанаванай табліцы.

1 бал за кожны правільны сказ

 

Сказ

Тып сказа

 

 

 

         1. Спаць, кажаны, ўніз, галава, насуперак, зямная, прырода. 2. На, вайна, ён, не, шанцаваць. 3. Эх, многа, думкі, перадумаць, у, дарога, адзінокія, галовы. 4. Над, мая, калыска, помніць, усмешка, твая. 5. Неба, гэтыя, дні, сінець, чысты, і, глыбокі. 6. Поле, сумаваць, пад, густыя, вятры, пад, радасны, пах, ядловец. 7. Зямля, залатая, з цяжар, палі, і, з, пошум, рэчкі, і, цёмныя, бары, паслухаць, маленькі, сэрца, любоў! 8. Быць, коні, сніць, лугі, мядовы, і, як, людзі, цяжка, ўздыхаць. 9. З, наша, бульба, тысяча, не, меней, смажыць, і, гатаваць, розныя, стравы.

 Заданне 7. У беларускай мове натуральна гучаць і ўспрымаюцца такія спалучэнні прыназоўніка з назоўнікам, як (пакласці) на стол, пад стол, каля стала, за стол. Патлумачце, чаму немагчымым з’яўляецца спалучэнне *у выніку стала?

Максімальная колькасць балаў – 2

 

Заданне 8. Укажыце сінтаксічную функцыю падкрэсленых слоў. Патлумачце, на падставе чаго вы гэта зрабілі.

Максімальная колькасць балаў – 2 (0,5 бала за кожны правільны варыянт)

 

Слова з тэксту

Член сказа

Абгрунтаванне

 

 

 

1. Глядзець гэты фільм сумна. 2. Надвор’е сонечнае, яснае. 3. Добразычлівы народ дзеці.
4. Добра стаміцца ад цяжкіх дарог, схіліцца ў знямозе пад елку на мох. (В.Вярба)

 

Заданне 9. Параўнаце дзве рэдакцыі апавядання Кузьмы Чорнага “Срэбра жыцця”. Запішыце, выкарыстоўваючы лінгвістычную тэрміналогію, што змяніў аўтар у апошняй рэдакцыі і чаго дасягнуў у выніку гэтых змен?

Максімальная колькасць балаў – 4

 

1925 г.

Між кустоў, баязлівых, цёмна-дрыжачых, ходзіць рогат з дымам. Трасецца агонь, трасецца ноч. І здаецца ад рогату – пустадробнага трашчаць косці ў суставах.

Апошняя рэдакцыя

Між кустоў, змрочных, баязлівых, ходзіць рогат з дымам. Трасецца агонь. Дрыжыць ноч. Трэснула ў суставах.

 

Заданне 10. Вядомы беларускі мовазнавец А.Я.Міхневіч адзначаў: “Рус. друг друга і бел. адзін аднаго – асобы тып займенніка, які ўказвае на ўзаемнасць дзеяння”. Перакладзіце на беларускую мову наступныя сказы. Патлумачце, з чым звязаны адрозненні ва ўжыванні гэтых займеннікаў у абедзвюх мовах

Максімальная колькасць балаў – 4 (1 бал за 1 правільна перакладзены сказ; 
+ 1 бал за тлумачэнне)

 

Руская мова

Беларуская мова

Братья любят друг друга.

 

Брат и сестра любят друг друга.

 

Родители и дети любят друг друга.

 

 

Заданне 11. Запішыце з адпаведнымі прыкладамі.

0,5 бала за 1 пункт з адпаведным прыкладам.

         Для замены не ўласцівых дзеепрыметнікаў пры перакладзе з рускай мовы на беларускую ўжываюцца:

 

Заданне 12. Калі ў пісьмовым тэксце ініцыялы трэба ставіць перад прозвішчам, а калі – пасля? Калі трэба пісаць Кавалёў М.С., а калі М.С.Кавалёў? Запішыце.

Максімальная колькасць балаў – 2

 

Заданне 13. Прачытайце. Выпішыце з тэксту і растлумачце: 1) фразеалагізм (1 бал); 2) ненарматыўнае для беларускай мовы словазлучэнне (1 бал); 3) словы з наступнай марфемнай будовай: прыстаўка+корань+суфікс+суфікс+ канчатак (матэрыяльна выражаны ці нулявы)+постфікс (0,5 балы за адно правільнае слова; -0,5 бала – калі слова няправільнае).

 

         Пра пчол беларусы ведалі са старажытнасці. Спачатку чалавек выпадкова знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў, забіраў мёд разам з сотамі і лічынкамі. Але яго з цягам часу патрабавалася ўсё больш і больш. І чалавека ўжо перастае захапляць дзікае паляванне. Часу на гэта траціцца процьма, а здабыча мёду невялікая, рэдка калі пашанцуе.
        Вось бы прыручыць пчол, самому ствараць ім месцы для гнёзд і завабліваць туды. Тады кожнае гнездаванне пазначалася б, на ўлік бралася, пад нагляд. Тады б можна было спаць і гаспадаром, і ўладаром пчаліных сем’яў і не спатрэбілася б бясконца блукаць, абіваць ногі ў дзікіх некранутых пушчанскіх лясах у пошуках мёду. Якая б палёгка, выгода з’явілася – атрымліваць яго ўсяго ў некалькіх вёрстах ад дому і мець пастаянны гарантаваны прыбытак.         Так, ці прыкладна так доўга думаў, разважаў чалавек і ў рэшце рэшт стаў майстраваць ў дрэвах дуплы (борці), зрабіўся бортнікам.

Пятро Сабіна

 

Заданне 14. Перакладзіце на беларускую мову звароты і формы ветлівасці.

Максімальная колькасць балаў – 6 балаў (1 бал за кожны дакладны пераклад)

 

         Бабушки и дедушки, дяденьки и тетеньки! Простите, можно Вас спросить? Будьте добры, дайте мне вилку. Не забывайте нас! Я уверен, что мы будем плодотворно сотрудничать! Идите осторожно, здесь высокие ступеньки.

 

Заданне 15. Пастаўце, дзе трэба, прапушчаныя літары і знакі прыпынку. Запішыце тыпы сказаў.

Максімальная колькасць балаў – 4 (1 бал за кожны правільна аформлены сказ)

 

         1. Каб пад рукой барозны закіпелі рал…ю гарачым потам арасі. (П. Макаль) 2. Даруй мне час за слоў пр…сталінейнасць на ўяўнай злосці шал не наракай! (А. Звонак) 3. “Без…аганны сан…т варты адзін цэлай паэмы” менавіта гэтыя ра…кі паэта Буало наш Максім Багдановіч узяў замест эпігр…фа да знакамітага сан…та “Паміж п…скоў …гіпецкай зямлі…”. (Я. Хвалей) 4. Дыхн…ш гл…бінным словам  і адразу ўсцешна пасв…тлее на зямлі. (С. Законнікаў)

 

Заданне 16. Падкрэсліце канструкцыі, якія знаходзяцца па-за межамі сістэмы словазлучэнняў.

0,5 бала за правільна падкрэсленую канструкцыю;
-0,5 бала за няправільна падкрэсленую канструкцыю.

Па-юнацку бадзёра, лататы даваць, рыхтавацца да алімпіяды, уздоўж лесу, горад Мінск, бадай поўны, іскрысты снег, паварот направа, адказваць на пытанні, дзень марозны, пайшлі адпачываць, жменя ягад.

 

Заданне 17. Прыдумайце і запішыце мінімальныя кантэксты, у якіх выказванне Ну і пагода сёння! перадавала б супрацьлеглыя эмоцыі. Патлумачце семантыку выказвання ў кожным кантэксце.

Максімальная колькасць балаў – 4

 

Заданне 18. На адной з алімпіяд пры напісанні водгуку вучні сканструявалі наступныя сказы. Выявіце і растлумачце памылкі, дапушчаныя ў сказах.

Максімальная колькасць балаў – 4

 

         1. Сказы Рыгорам Барадулінам выкарыстаны як простыя, так і складаныя, не ўскладнены зваротамі, мала мастацкіх эпітэтаў. 2. Вельмі рэдка сустракаюцца памяншальна-ласкавыя словы. 3. А тое, што жыццё складанае, можна ўбачыць з прыкладу сваіх бацькоў. Яны працуюць як трутні, каб у сям’і было ўсё неабходнае. 4. Другая запаведзь, якая мне ўспомнілася, чытаючы верш, — не кажы няпраўды!

 

Заданне 19. Прачытайце тэкст. Устаўце, дзе трэба, прапушчаныя літары і знакі прыпынку (3 балымінус 0,5 бала за кожную памылку). Пісьмова адкажыце: 1) Хто аўтар гэтых радкоў? (1 бал) 2) Каму прысвечаны радкі? (1 бал) 3) Якія займеннікі ёсць у тэксце? Выпішыце і ўкажыце разрад. (1 бал)

 

Добл…сць пры ім афіцыйна лічылася першай
Якас…цю воіна і на вайсковых агл…дах
Ён як апт…кар на вагах узваж…ваў хто лепшы.
Лепшаму там жа за добл…сць і дзякаваў шчодра.
Ох н… любіў ба…зліўцаў і п…стаў з магнатаў!
Будзь ты магнатам але калі дрэйфіш у справе
Лёс незайздрос…ны ў такога   пагарда дружыны.

 

Заданне 20. З твораў Якуба Коласа выпісаны сказы. Вызначце трыванне падкрэсленых дзеясловаў. Патлумачце, якія сродкі дапамаглі Вам правільна вызначыць трыванне ў кожным выпадку..

Максімальная колькасць балаў – 4

 

1. Міхал ішоў, з ім ішлі і думкі,
А з імі вобразы ўставалі
І ў сэрцы водгук выклікалі.

2. Сваё галоўнае прызначэнне як настаўніка Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум.

3. Яно выклікала непакой у дзедавым сэрцы і клалася цяжкім каменем на яго старыя плечы.

4. Толькі дзесь сава-начніца,
Бы якая чараўніца,
Выклікала людзям ліха.

 

Заданне 21. Спішыце тэкст, устаўце прапушчаныя літары, знакі прыпынку і раскрыйце дужкі. Вызначце і запішыце: 1) стыль тэксту; 2) тып маўлення; 3) жанр.

Максімальная колькасць балаў – 4

 

         Уп…ршыню пі…мовыя звесткі пра славян мова якіх разам са св…імі но…бітамі ўтварала арганічнае адзінства сустракаюцца ў (старажытна) (рымскіх) вучоных і пі…меннікаў Герадота, Плінія, Тацыта, Пталамея і іншых яшчэ да наш…й эры звыш 2000 гадоў таму. Да ІХ ст. н.э. гэтае адзінства распалася на тры (пад) (групы) паводле як ге…графічных так і (ўласна) (моўных) прыкметаў усходнюю заходнюю і паўднёвую. Але яшчэ ў ХІ ст. моўныя адрознен…і паміж усімі славянскімі пл…мёнамі з сінхранічнага пункт… гледжання не выходзілі за межы м…жды…лектных адрозненняў што існуюць …нутры любой сучаснай славянскай мовы.

Браніслаў Плотнікаў

 

Заданне 22. Настаўніца прапанавала вучням малодшых класаў напісаць сачыненне пра кошку. Вось што атрымалася ў аднаго з вучняў: “У мяне ёсць кошка. Кошку клічуць Кіці. Кошка сіямскай пароды. У Кіці поўсць бежавага колеру. Кіці вельмі прыгожая. Я люблю маю Кіці”. Укладзіце гэты тэкст у адзін просты сказ з шасці слоў. Запішыце ўсе магчымыя варыянты сказа.

1 бал за кожны правільны варыянт сказа

 

Заданне 23. Вы едзеце ў грамадскім транспарце. Калі пад’язджаеце да свайго прыпынку, вы пытаецеся ў чалавека, які стаіць паперадзе вас: “Вы выходзіце?”— “Не”, -- адказвае ён і не рухаецца з месца. У чым несапраўднасць, “няправільнасць” дадзенай сітуацыі? Якая яе моўная прырода?

Максімальная колькасць балаў – 2 балы

 

Заданне 24. Прачытайце вершы. Выявіце і патлумачце марфалагічныя недакладнасці.

Максімальная колькасць балаў – 2

 

Колькі яшчэ,
Ты скажы,
Богам падорана ранкаў,
І сонцам апромненых поўдняў,
І месяцам ціхім спавітых,
Пяшчотных такіх
Вечароў і начэй,
Каб мы зразумелі,
Што “двое” –
Гэта не значыць
“Адзін” і “адна”,
Бо “двое” –
Калі па адным
Немагчыма.

Мікола Шабовіч

Коней сцябалі абое –
І “пан”, і “фурман” коней гналі.
Глядзеў на “фурмана” з усмешкай Скарына –
Усё-ткі правёз кантрабанду ён з богам!
Бо гэты “фурман” – быў найлепшы друкар,
Украдзены ў караля самога.

Янка Сіпакоў

 

 

Заданне 25. У ТСБЛМ назоўнік ліса мае два значэнні: 1. Драпежная жывёліна сямейства сабачых з вострай мордай і доўгім пушыстым хвастом, а таксама яе футра. 2. перан. Хітры, ліслівы чалавек. Запішыце з адпаведнымі прыкладамі: 1) якім членам сказа з’яўляецца гэтае слова ў прамым значэнні; 2) якім членам сказа з’яўляецца гэтае слова ў пераносным значэнні, і чаму?

0,5 бала за кожны сказ

 

Заданне 26. Запішыце дэфарміраваныя сказы. Выявіце, якім членам сказа з’яўляюцца злучальныя словы ў прыведзеных сказах.

Максімальная колькасць балаў – 3 (0,5 бала за кожную аперацыю)

 

1. Школа, які, узвышацца, на, горка, пабудаваць, нядаўна.
2. Школа, які, нядаўна, пабудаваць, стаць, адна, з, добры.
3. Школа, у, які, мы, вучыцца, мы, два, дом.

 

Заданне 10. Для кожнага носьбіта мовы вядома, што значную частку нашага ўзаемапаразумення ў маўленні забяспечваюць фонавыя (пазатэкставыя) веды, якія мае кожны чалавек пэўнай супольнасці перад выказваннем або пасля выказвання. Таму мы можам пэўную інфармацыю вылоўліваць з выказвання нават тады, калі яна не вербалізавана (не запісана словамі). Запішыце ў табліцу, якую фонавую інфармацыю, акрамя выражанай словамі, ўтрымлівае прапанаваны сказ і асобныя яго часткі.

Максімальная колькасць балаў – 3 балы

 

Фонавая інфармацыя

Тэкставая інфармацыя

 

прайшоўшы за свае 26 гадоў… завітала ХХІІ Рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове

 

“шлях ад Мінска праз усе абласныя і некаторыя раённыя цэнтры”

 

“заключны этап”

 

“кубак заваявала каманда Мінскай вобласці”

 

“кубак заваявала каманда Мінскай вобласці”

 

Увесь сказ

Сказ.

         У 2006 годзе ў горад Жодзіна, прайшоўшы за свае 26 гадоў шлях ад Мінска праз усе абласныя і некаторыя раённыя цэнтры, завітала ХХІІ Рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове (заключны этап), дзе кубак заваявала каманда Мінскай вобласці.