Урокі 3-4

МАРФЕМІКА. СЛОВАЎТВАРЭННЕ

 

Заданне 1. Выпішыце словы з нулявым канчаткам і патлумачце, ці існуе розніца паміж сцвярджэннямі: 1) у слове няма канчатка; 2) у слове нулявы канчатак.

0,5 бала за правільна падкрэсленае слова + 1 бал за тлумачэнне.

          Дзесьці, дзеці, горача, зелень, імкнуўся, сцвярджае, з кім, пішуць, там, пароль, дыстрыбуцыя, верабей, скажаш, свякроў, бясспрэчна, дробны, падышоў, па-мойму, паліто.

 Заданне 2. У рамане Піліпа Пестрака “Серадзібор” ёсць дыялог. Прачытайце яго і дапішыце, як, на вашу думку, “расшыфраваў” імя сваёй дачкі Чухноўскі? Укажыце спосаб утварэння гэтага слова.

Максімальная колькасць балаў – 3

     На твары Чухноўскага адбілася стомленасць.
— У мяне, разумееш, нешта мая Імэла прыхварэла.      
— Хто гэта Імэла – жонка ці дачка? – спытаў Малашкін, хоць ведаў, каму належыць такое імя.
— Ну хіба ты не ведаеш? Дачка...        
— Імя цікавае.        
— Гэта азначае ў скароце – … .

 Заданне 3. Утварыце і запішыце парадкавыя лічэбнікі.

Максімальная колькасць балаў – 4

1) пяць → … ; 2) шэсцьдзесят → … ; 3) тысяча → …; 4) сто семдзесят дзевяць мільёнаў → …;
5) адзін → …; 6) дваццаць пяць тысяч → …; 7) дзвесце → …; 8) дзевяцьсот дваццаць два (гады) → … .

 Заданне 4. Аб’яднайце прыведзеныя словы ў пары такім чынам, каб другое слова кожнай пары магло быць натуральным чынам растлумачана праз першае. Узор: хітры – хітрун (той, хто з’яўляецца хітрым чалавекам).

0,5 бала за кожную пару

Калясо, маляр, пацыент, камінар, камяніца, ныраць, калесаваць, настаўнік, лячыць, зярністы, нырэц, камы, фарбаваць, комін, вучы́ць, піццё, зерне, будаваць, таўчы, напітак. 

Заданне 5. Выпішыце словы, якія складаюцца з пяці марфем. Графічна абазначце гэтыя марфемы.

0,5 бала за кожнае правільнае слова

Дагледзець, боязна, атлетыка, атаясамліванне, выгароджваць, настойлівасць, мініяцюра, няспешна, паляванне, апусценне, выбрацца, увасьмярых, заручальны, устанаўліваць, паляшучка, спачувальна.

Заданне 6. Як вядома, флексія шматзначная і многафункцыянальная адзінка. Гэта вынікае з самога азначэння флексіі. Прачытайце гэта азначэнне і назавіце асноўныя складнікі паняцця “флексія”.

Максімальная колькасць балаў – 4 балы

Флексія – гэта афіксальная марфема, якая знаходзіцца за межамі асновы і служыць для выражэння комплексу граматычных значэнняў слова, сродкам утварэння іменных і дзеяслоўных формаў і граматычнай сувязі іх у словазлучэнні ці сказе.

 

Заданне 7. Запішыце па два дзеясловы з прыстаўкай па-, якія маюць значэнне:

Максімальная колькасць балаў – 2,5

1. Закончанасці дзеяння: … . 2. Пачатку дзеяння: … . 3. Нязначнай ці няпоўнай меры дзеяння, што адбываецца на працягу кароткага часу: … . 4. Няпэўнай працягласці, паўторнасці дзеяння: … . 5. Дзеянняў, якія адносяцца да многіх асоб, прадметаў: … .

 

Заданне 8. Слова вахцёр было запазычана з нямецкай мовы, але ў нямецкай мове націск падае на першы склад (ва́хцер). Слова шафёр запазычана з французскай і непасрэдна пасля запазычання мела націск на апошнім складзе (як у французскай): шафёр. Аднак на сучасным этапе форма ва́хцер не фіксуецца слоўнікамі, а замест слова шафёр у прастамоўі і прафесійным маўленні прадстаўнікоў гэтай прафесіі ўжываецца слова шо́фер.

На ўсход вайна Купалу гнала;
Вось і рэспублікі граніца;
І просіць шофера Купала
Xоць на хвіліну прыпыніцца…(А. Лойка)

Патлумачце прычыну зруху націску ў кожным з гэтых слоў.

Каб аблегчыць Вам выкананне задання, прыводзім пералік слоў на –ёр і на ненаціскное –ер (-ар), якія абазначаюць асоб: білецёр, баксёр, гастралёр, грымёр, дырыжор, дублёр, жанглёр, кіяскёр, кантралёр, ліфцёр, манцёр, мушкецёр, панікёр, парламенцёр, прызёр, стажор, фантазёр, бухгалтар, ангстэр, галкіпер, кельнер, маклер, снайпер, шкіпер, шулер, юнкер.

Максімальная колькасць балаў – 4.

 

Заданне 9. Выпішыце выдзеленыя словы, якія маюць вытворныя асновы:

1 бал за кожнае слова

 

1)

свежыя памiдоры

5)

чарнільная ручка

9)

чорны пісталет

2)

песні-жальбы

6)

высокая лесвіца

10)

плата за праезд

3)

родная прырода

7)

кропля расы

11)

сустрэліся летась

4)

вядомы унікум

8)

раскласці пасьянс

12)

вясёлы ўнук

 

Заданне 10. Аднакаранёвыя словы (1), словы з аманімічнымі каранямі (2), рознакаранёвыя словы (3)? Пастаўце адпаведную лічбу і графічна абазначце корні.

Максімальная колькасць балаў – 6

 Застоліць – застольны (...), жаночасць – жаноцкасць (...), падручнік – наручнікі (...), запалёны – запалены (...), нарада – дарадчык (...), заможна – няможна (...), згарэў – прыгорак (...), жніўны – жнівеньскі (...), ношка – падносіць (...), вада – падводзіць (...), народ – адрадзіць (...), замок – замокнуць (...).

 

Заданне 11. Выпішыце пары, дзе другія словы ўтварыліся ад першых?

1 бал за кожную пару

1)

перапісаць → перапіс

4)

настаўнічаць → настаўнік

7)

казка → казачны

2)

вера → вернасць

5)

просьба → прасіць

9)

чырвань → чырвоны

3)

прыгожа → прыгожы

6)

урадзіць → ураджай

9)

бель → выбелены

 

Заданне 12. Выпішыце словы, якiя ўтвораны складана-суфiксальным спосабам?

1 бал за кожнае правільнае слова

 

1)

металарэжучы

4)

малаверагодны

7)

школа-інтэрнат

2)

двухрадкоўе

5)

чатырохпавярховы

8)

фотаапарат

3)

фiлфак

6)

абiбок

9)

пяцiтонны

 

Заданне 13. Падкрэсліце абрэвiятуры, якія адносяцца да гукавых.

1 бал за кожнае правільнае слова

 

1)

ЦУМ

5)

ААН

9)

МТЗ

2)

БДУ

6)

ЕШКА

10)

НАТО

3)

СНД

7)

СНIД

11)

ЗАГС

4)

ВКЛ

8)

АТК

12)

БДПУ

 

Заданне 14. Утварыце і запішыце словы, значэнне якіх пададзена ў дужках.

Максімальная колькасць балаў – 4 (0,25 бала за правільна ўтворанае слова)

Кароль → … (жонка караля); … (сын караля); … (дачка караля); … (дзяржава, на чале якой стаіць кароль).

Цар → … (жонка цара); … (сын цара); … (дачка цара);… (пярэднія дзверы ў царкоўным іканастасе, што вядуць у алтар).

Князь → … (жонка князя); … (дачка князя);(феадальнае ўладанне на чале з князем);(правіць такім феадальным ўладаннем) .

Поп → … (яго сын); … (яго дачка (разм.)).

Ляснік → … (яго дачка (разм.)) Ляснічы → … (яго жонка).