Урокі 1-2

ФАНЕТЫКА. ГРАФІКА. АРФАГРАФІЯ

 

Заданне 1. Прачытайце радкі з верша Ф.Багушэвіча “Балада”.
Выпішыце фанетычныя словы, у саставе якіх ёсць два санорныя гукі.

0,5 бала за адно правільна падкрэсленае фанетычнае слова;
-0,5 бала за няправільнае слова.

 

У гаспадарцы ж – страта на страце:
Зараза на быдла, пажар і злодзей…
Скаціна пала, гумно згарэла,
Коні пакралі ў час рабочы. 

А тут і плата на выкуп прыспела,
Зборшчык, як дым той лезе ў вочы.
Прадаў Ануфры ўсю худобу,
Выплаціў выкуп, падаткі, збор.

Заданне 2. Колькi зычных гукаў у кожным слупку. Запішыце словамі адпаведную лічбу.

Максімальная колькасць балаў – 3

Мяккіх ___________

Глухіх ____________

Шыпячых _________

раз'юшаны

бездараж

прыязджаць

счарсцвелы

вынаходства

нарэшце

скiрда

адказчык

нясвiжскi

рэвалюцыя

жанiцьба

цэмент

 

Заданне 3. Вызначце, колькі разоў гукі, якія ўваходзяць у слова сейбіт, сустракаюцца ў вершаванай страфе. Запішыце ў транскрыпцыі словы з гэтымі гукамі. Хто аўтар гэтых радкоў?

Максімальная колькасць балаў – 4

Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам


Заданне 4.
Прачытайце загадкі. Выпішыце словы, дзе ёсць літары, якія не абазначаюць гукі. На што ўказваюць гэтыя літары? Запішыце адгадкі. 

Максімальная колькасць балаў – 3

1. Хоць ён побач ідзе, а рукамі не возьмеш.
2. Доўгі насок, тонкі галасок, хто яго заб’е, той сваю кроў пралье.

Заданне 5. Сярод прапанаваных сімвалаў выберыце і выпішыце толькі тыя знакі, якія з’яўляюцца сродкамі графічнай сістэмы беларускай мовы.

0,5 бала за адзін правільна запісаны знак

 R   Q   И   §   W   А   N   D   K   Y   Ў   Щ   С   G   Р   V   Э    F   І   J   Ь   Ъ   L  

U   —   Љ   ђ   Æ   €   £    Z  S

Заданне 6. Выпішыце са сказаў: 1) словы, у якіх прапушчана літара а; 2) словы, у якіх прапушчана літара ы; 3) словы, у якіх прапушчана літара э:

Максімальная колькасць балаў – 3

1. Матчына хата ў змр...ку др...мотным. В...кны распятыя. Голыя сц...ны. І правадоў уч...рнелыя вены п...ўняцца цішай, як токам гр...мотным. (Р. Барадулін) 2. Таму ўжо будзе, мусіць, год, вуч...бную стр...льбу праходзіла п...хота. (Кандрат Крапіва) 3. Гарачы м...довы вод...р ідзе з раніцы, поўнай сцішанага звону. (Л. Левановіч) 4. Народ, зямля, радзіма – за іх св...ты пр...стыж, за гэта тр…адзінства дз...ды ішлі – на крыж. (М. Маляўка) 5. Сярод паэтаў, ар...штаваных па сфабрык...ванай справе Саюза вызвалення Беларусі, быў і Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка. Орд...р на яго ар...шт дз..вятнаццатага ліп...ня тыс...ча дз...вяцьсот трыццатага г...да падпісаў намеснік старшыні АДПУ СССР с...мнавядомы Гірш Ягода. (У. Міхлюк)

Заданне 7. Устаўце прапушчаныя літары і да кожнай лексемы падбярыце такія словы, якія рыфмуюцца. Запішыце парамі і пастаўце націскі.

Узор: раку́шка – маку́шка.

Максімальная колькасць балаў – 4 балы

зав…дскі – …

…ш…лон – …

ц…мент – …

к…ршун – …

ім…нны – …

кр…вавы – …

камбайн…р – …

р…ш…та – …

 Заданне 8. Як ні дзіўна, але менавіта ў рускамоўнай перыёдыцы апошніх год даволі часта друкуюцца беларускамоўныя “недарэчнасці”. Выпішыце з прапанаваных памылковых напісанняў толькі тыя, якія не адпавядаюць правілам арфаграфіі, і запоўніце табліцу адпаведным чынам.

Максімальная колькасць балаў – 4

Надпіс з арфаграфічнай памылкай

Правільны варыянт

Раздзел арфаграфіі

 

 

 

 

         Назвы аўтобусных і тралейбусных прыпынкаў: “Ліцэй БГУ”, “Бятонны вузел”, “Камвольны камбинат”, “Кунцаўщына”, “Бел. мед. тэхніка”.

         Шыльды з назвамі вуліц і аднаго горада:

вул. Васточная

горад Старыя дарогі

вул. Дружная

вул. Засла-

ўская

вул. Якуба Коласа

 Заданне 9. Прафесар – студэнту.

         – У вашай курсавой рабоце вельмі шмат арфаграфічных памылак. Я дзіўлюся, як адзін чалавек мог нарабіць столькі?!

         – І зусім не адзін! Мне ў інтэрнаце ўвесь пакой дапамагаў.

         – Выпішыце ў табліцу словы з арфаграфічнымі памылкамі, запішыце правільны варыянт і ўкажыце правіла, згодна з якім павінна пісацца арфаграма.

1 бал за кожнае правільна запісанае слова і правіла

Слова з памылкай

Правільнае напісанне

Правіла

 

 

          У вуснай народнай творчасці, развіццё якой пачалося ў сівую даўніну і працягваецца, хоць і не так інтансіўна, у нашы дні, як у люстэрку, знайшлі сваю праўдзівую выяву мысленне працоўнага люду, яго нястомнае змаганне за лепшае і шчаслівае жыццё.

         Беларускі народ стварыў шмат лаканічных твораў – афарызмаў, трапных выразаў, у якіх у высокамастатскай форме абагульніў свой багаты жыццёвы вопыт. Сярод іншых відаў беларускага фальклору – песен, прыпевак, казак, легенд паданняў прыказкі і прымаўкі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. Яны ярка адлюстравалі багаты працоўны і жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, псіхалогію і светапогляд, маральна этычныя і эстэтычныя ідэялы.

 

Заданне 10. Запішыце з адпаведнымі прыкладамі, якімі літарамі можа быць абазначаны на пісьме ненаціскны галосны гук [о]?

0,5 бала за правільна ўказаную літару і прыклад

 Заданне 11. Падкрэсліце словы, якія з’яўляюцца прыкладамі фанетычных асаблівасцей беларускай літаратурнай мовы ў параўнанні з рускай.

Максімальная колькасць балаў – 4 балаў

          Квецень, конскі, столік, судзейскі, вазон, збожжа, купіна, па-людску, лодка, акцёрскі, расклейка, шаўковы, одум, ламачча, оперны, лясны, посуд, істота, імгла, завушніцы, на небе, воблака, малпа, заляцанне, вішняк, ветразь.

 Заданне 12. Запішыце патрэбныя словы, каб атрымаліся “гукавыя прапорцыі”.

Максімальная колькасць балаў – 4 балы

дом : том = … : пашыць

бок : док = пакт : …

пара : кара = пот : …

маса : мяса = … : вяду

забіраць : = зяць : сядзь

джаз : час = … : сыходзіць

аддай : адтай = ззаду : …

грам : … = борт : порт

Заданне 13. Прачытайце ўрывак з апавядання М. Гарэцкага “Роднае карэнне”, якое было надрукавана ў зборніку “Рунь”, выдадзеным у 1914 годзе ў Вільні. Параўнайце “правілы” абазначэння галосных і зычных гукаў на пісьме ў гэтым тэксце і сучаныя нормы. Запішыце ў прапанаванай табліцы.

Максімальная колькасць балаў – 5

№ п/п

Абазначэнне зычных і галосных на пісьме ўтэксце

Сучасныя правілы абазначэння зычных і галосных на пісьме

 

 

             Архіп ляжаў і думаў...

         “Навука? Ну што ж навука? Яна скажэм, дае малюпасенькіе атказы, якім парадкам робіцца што ў прыродзі. Ну і ўсё. Наўчоные людзі падлічылі, колькі важыць земля, ці далёка ад зямлі месяц, сонцэ; яны ведаюць, па якіх дарогах бегаюць плянэты, а ніхай дадуць яны атказ, хто пусьціў іх у гэткі гармонічны ход, ніхай яны знайдуць Першапрычыну усякае істоты. Навука ведаіць, што за жывучкі, няўгледные простым вокам, робяць хваробы, яна ведаіць, што ужываюць клетачкі, с каторых складаюцца людзі, жывёла, расьліны, але што ж? Як бы даў атказ, ён, Архіп, студэнт-мэдык, на пастаяннае пытаньне у “піьменных” людзей дзядзькі Якуба: “Чаму чэлавек расьцець-расьцець, гадоў так да дваццацёх, а далі, як ты яго ні кармі, у росьці не прыбаўляецца. Здаецца і есьць таксама, а другі і смашней, чымся змалку, а росту німа такога як раней. Што за прычына? Эге ж. Наўчоныя ведаюць цяпер, як чэлавек зараджаецца, с чаго ён складаецца і многа чаго іншаго уцямілі. А ніхай жэ во яны самі набяруць з зямлі, чаго ім трэба, і створаць чэлавека. Не, навука ніколі не дасьць, бо ня можэ даць, атказу на праклятые пытаньня. Ды ў яе і цэль зусім іншая...

         Мы ня ведаем, што будзе пасьля нашае сьмертухны, а на гэтым сьвеці на ўсё адгадкі найсьці ня можна, шукай ні шукай.”

 

Заданне 14. Прачытайце верш Алега Лойкі “Радзюжкі”. 1) Запішыце ў транскрыпцыі з тэксту гукі, якія не могуць стаяць на канцы асобна ўзятага слова. Выпішыце ўсе лексічныя адзінкі з такімі гукамі. Падкрэсліце літары, якія гэтыя гукі абазначаюць. 2) Назавіце фанетычны працэс, у выніку якога размоўнае слова дзяружкі паэт называе радзюжкі.

0,5 бала за кожны названы гук і ўсе прыведзеныя прыклады з тэксту; 0,5 бала за правільна названы (апісальна ці адным словам) фанетычны працэс

 

Гукі

Словы з падкрэсленымі літарамі

[]

 

 

Завуць радзюжкамі дзяружк
У нас здавён,
І, мне здаецца, не парушан
Тут мовы нашае завон.

Не станеш дзерці іх, нявечыць,
Выцёпківаць за рог-крысо, –
Глядзі і радуйся, брат, вечна
Іх красой!

Яна – не жабракам на латы,
На лахманы.
Як радугі, цвітуць па хатах,
Сямікалёрныя, яны!

 

Заданне 15. Шляхам перастаноўкі літар утварыце новыя словы Запішыце парамі. Узор: сакрэт – трэска.

Максімальная колькасць балаў – 3

адломлены – …

агарод – …

непрывабны – …

відазменны – …

гармата – …

культтавары – …

Заданне 16. Запішыце прапанаваныя ніжэй словы, у якіх прапушчаны літары, у фанетычнай транскрыпцыі, падзяляючы гэтыя словы на склады ў адпаведнасці з законам узрастаючай гучнасці. Пастаўце націскі.

Максімальная колькасць балаў – 5

          Н…д…бразычлівасць, н…мн…гаслоўны, к…ршун, к…штарыс, магд…бургскае, н…здзейсненасць, ра…кінуцца, с…рцабіцце, ра…шчапляць, дэз…нфекцыйны.

 Заданне 17. Запішыце толькі тыя словы,дзе напісанне і тлумачэнне правапісу арфаграм адпавядае правілам.

0,5 бала за кожнае слова

1) Монтэ-Карлона канцы іншамоўных слоў пасля зычных заўсёды пішацца літарао.
2) Кандытарская – не пад націскам замест э ў спрадвечна беларускіх словах пішацца літара а. 3) Меданосны – калі ў другой частцы складанага слова націск падае на першы склад другой асновы, то ў першай частцы замест ё пішацца літара е.
4) Пантыён – іншамоўнае спалучэнне іо ў сярэдзіне слова пад націскам пасля цвёрдых [д], [т] перадаецца праз ыё.
5) Аўкцыён – пішам літару ў, паколькі яна стаіць пасля галоснай у іншамоўным слове і не ўтварае склад.
6) Палесцінскі – літара е пішацца ў першым складзе перад націскам, калі слова з’яўляецца неславянскім паводле паходжання.
7) Скурпулёзны – напісанне спалучэнняў зычных у гэтым і некаторых іншых запазычаных словах трэба запомніць або правяраць па слоўніку.
8) Расчараванне – спалучэнне прыставачнага с і каранёвага ч на пісьме перадаецца нязменна. 9) Цвісьці – ча-стка -сьці заўсёды пішацца з мяккім знакам.
10) Максі-спадніца – першая частка максі- заўсёды пішацца праз злучок, калі стаіць перад назоўнікамі.
11) Бан-круцтва – спалучэнне каранёвага зычнага т з суфіксальным с вымаўляецца як [ц] і адпаведна перадаецца на пісьме.
12) Свістнуць – у спалучэнні стн, якія ўзнікаюць пры ўтварэнні дзеясловаў з суфіксам –ну-, гук [т] не выпадае і на пісьме перадаецца.
13) Папе-машэ – пасля літар, якія абазначаюць губныя зычныя перад ётавымі заўсёды пішацца апостраф.
14) Авантурны – гэтае слова належыць да большасці запазычаных слоў іншамоўнага паходжання, дзе [т] з’яўляецца цвёрдым.
15) Рэкашэт – не пад націскам у словах неславянскага паходжання захоўваецца э.
16) Ушчуваць – у гэтым слове пад уплывам вымаўлення замацавалася напісанне шч замест сч. 17) Дзяўчынка-дзяжурная – два назоўнікі, адзін з якіх утвораны ад прыметніка (субстантываваны) заўсёды пішуцца праз злучок, паколькі без злучка такі назоўнік можа быць успрыняты як прыметнік.