Лірычны герой
Абагульнены вобраз, які ўзнікае ў думках чытача пасля прачытання верша і аб’ядноўвае ў сабе рысы і пачуцці, уласцівыя многім людзям. Напрыклад, лірычны герой верша Я. Купалы “Спадчына” – чалавек, які шчыра любіць свой край і хвалюецца за яго будучыню.
Вобраз лірычнага героя нельга просталінейна атаясамлівасць з асобай паэта, а яго перажыванні – з пачуццямі і думкамі аўтара. Вобраз лірычнага героя найбольш поўна паўстае з усёй творчасці паэта, асобныя вершы з розных бакоў абмалёўваюць, удакладняюць, узбагачаюць той тып лірычнага характару, што ўносіць у літаратуру пэўны творца.
Песня
Вершаваны твор пераважна лірычнага або ліра-эпічнага характару, меладычны па сваім інтанацыйным малюнку і прызначаны для спявання. Вылучаюць народныя (напрыклад, “Купалінка”, “Зелянеюць, зелянеюць лугі, сенажаці...”) і літаратурныя (напрыклад,“Зорка Венера”, “Вы шуміце, шуміце, нада мною, бярозы”) песні.
Музыка
беларуская народная песня "Купалінка" (вык. Наталля Фаўстава).
Паралелізм
Супастаўленне дзвюх ці больш нейкіх з’яў. Часта сустракаецца ў народных песнях, калі падзеі чалавечага жыцця супастаўляюцца са з’явамі прыроды:
Ой, у садочку цвіла лілея,
Дажала жыта старшая жнея.
Збор жыта, збор!
Па нашым полі беглі лябёдкі,
Дажалі жыта красны малодкі.
Збор жыта, збор!
Грамадзянская лірыка
Жанравая разнавіднасць лірыкі, творы на актуальную сацыяльна-палітычную тэматыку. Напрыклад, "Спадчына" Я. Купалы, "Беларуская песня" У. Караткевіча, "Роднае слова" Д. Бічэль.
Філасофская лірыка
Жанравая разнавіднасць лірыкі, вершы-развагі па розных філасофскіх праблемах – сэнс чалавечага жыцця, шчасце і пад. Напрыклад, "Шчасце" М. Танка, "Чалавеку патрэбна не слава..." С. Грахоўскага, "Жыццё даецца, каб жыццё тварыць..." А.Вярцінскага.
Інтымная лірыка
Жанравая разнавіднасць лірыкі, сукупнасць лірычных твораў пра каханне, дружбу, сямейныя ўзаемаадносіны. Напрыклад,"Раманс" М.Багдановіча, "Бывай..." А.Куляшова, "Як я жыў без цябе?.." С.Грахоўскага, "Ты мне вясною прыснілася" М.Шушкевіча.
Пейзажная лірыка
Жанравая разнавіднасць лірыкі, творы пра прыроду. Напрыклад, “Ручэй” Я.Коласа, “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог...” М.Багдановіча, "Над зямлёю шугае верасень..." В.Зуёнка, "Чатырохгранная ваза" А.Наўроцкага.
Троп
Слова або моўны выраз, ужытыя ў пераносным значэнні. У тропах супастаўляюцца з’явы на аснове нейкіх агульных рыс, адна з іх характарызуецца праз прыкметы другой. Напрыклад:
Над зямлёю шугае верасень –
Восені ветразь!..
І плывуць у блакіце чыстым
Ключы галасістыя...
(Васіль Зуёнак)
Да тропаў адносяцца эпітэт, параўнанне, метафара, метанімія, сінекдаха, сімвал і інш. Яны дапамагаюць у вобразнай і лаканічнай форме выявіць сутнасць з’явы, індывідуалізаваць яе, даць ёй ацэнку.
Эпітэт
Мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе прадмет, з'яву або чалавека. Напрыклад:
Чуецца гоман мне спелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага шум-гул шчаслівы,
Песня магутных дубоў.
(Я. Колас)
Эпітэты выражаюцца найчасцей прыметнікам, а таксама назоўнікам, прыслоўем, дзеепрыметнікам і дзеепрыслоўем.
Параўнанне
Супастаўленне двух прадметаў, з’яў ці паняццяў, у выніку чаго адно з іх мастацка праяўляецца за кошт другога:
Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
(У. Караткевіч)
Параўнанне дапамагае зрабіць паэтычны малюнак яскравым, зрокава наглядным, жывапісным, даць яму пэўную ацэнку.
Метафара
Супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з іншай з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей:
Зноў заснежыла. Можа, ў раз соты.
Хоць бы ўгледзець душу адну.
Белыя скруткі калючага дроту
кідае мяцеліца мне на спіну.
(А. Наўроцкі)
У адрозненне ад параўнання, у метафары прысутнічае толькі адзін член супастаўлення – тое, з чым супастаўляецца, і не называецца, а падразумеваецца тое, што супастаўляецца:
Не выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесці рэчы...
Ля весніц, толькі зноў твой вяз
Крануў галінамі за плечы.
(Р. Барадулін
Адухаўленне
Разнавіднасць метафары, перанясенне ўласцівасцей жывых істот на якія-небудзь прадметы, абстрактныя паняцці, з’явы прыроды. Напрыклад:
Голасам моцы, ціха i важна
Гром пракаціўся ўгары.
Луг адазваўся грому працяжна,
Лес адгукнуўся стары.
(Я. Колас)
У аснове адухаўлення ляжаць старажытныя ананімічныя ўяўленні чалавека, які надзяляў усе прадметы навакольнага свету здольнасцю адчуваць і мысліць.
Увасабленне (персаніфікацыя)
Разнавіднасць метафары, наданне чалавечых уласцівасцей асобным рэчам, прадметам, з’явам прыроды. Напрыклад:
Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокіДняпро.
(У. Караткевіч)
Метанімія
Перанясенне назвы адных прадметаў на другія на аснове іх знешняй ці ўнутранай сувязі. У адрозненне ад метафары, падобнасць з’яў ці прадметаў не мае значэння:
Не трымайце ж мяне сягодня,
Сцены хат у лагодным палоне
(В. Зуёнак)
Метанімічны выраз завастрае ўвагу на пэўнай, характэрнай рысе з’явы, дазваляе паказаць яе яскрава і па-свойму.
Сінекдаха
Від метаніміі, пры якім адны паняцці замяняюцца другімі на аснове іх колькасных суадносін, часцей за ўсё ўжыванне часткі з’явы ці прадмета ў значэнні цэлага або цэлага замест часткі:
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.
(М. Багдановіч)
Да сінекдахі адносяцяцца і ўжыванне адзіночнага ліку ў значэнні множнага або множнага – у значэнні адзіночнага ці замена родавага паняцця відавым або відавога – родавым.
Сімвал
Умоўнае абазначэнне сутнасці якой-небудзь з’явы пэўным прадметам ці слоўна-вобразным знакам. У адрозненне ад алегорыі, умоўная сувязь якой з абазначаемым паняццем мае цалкам адназначны характар, сімвал вызначаецца шматзначнасцю, можа быць адрасаваны да розных з’яў рэчаіснасці. Напрыклад:
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.
(М. Багдановіч)
Філасофскі верш
Лірычны жанр, у якім асэнсоўваюцца філасофскія праблемы сэнсу чалавечага жыцця. Напрыклад, "Жыццё даецца, каб жыццё тварыць..." А.Вярцінскага.
Медытацыя
Жанр лірыкі, у якім перадаецца глыбокі роздум паэта над некаторымі праблемамі жыцця (жыццё і смерць, дружба і каханне, чалавек і прырода і г.д.). Напрыклад, “Як я жыў без цябе?” Сяргея Грахоўскага, “Дала прырода мне ваду і цвердзь...” Васіля Зуёнка.
Элегія
Жанр лірычнай паэзіі, верш-роздум, у якім выяўляецца настрой смутку, журбы, меланхоліі з выпадку грамадскай несправядлівасці, сямейнага няшчасця ці асабістага гора. Напрыклад, “Бывай...” Аркадзя Куляшова.
Музыка:
Жуль Маснэ "Элегія".
Ода
Жанр лірычнай паэзіі, урачысты верш у гонар нейкай з’явы, гістарычнай падзеі або выдатнай асобы. Напрыклад, “Мы – беларусы” Рыгора Барадуліна, "Беларускаяпесня" Уладзіміра Караткевіча.
Музыка: Людвіг ван Бетховен "Ода да радасці" - урывак з сімфоніі № 9 (вык. Берлінскі сімфанічны аркестр).
Рэквіем
Своеасаблівая разнавіднасць оды, урачысты верш у гонар памерлых. Напрыклад,“Рэквіем па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага.
Музыка: Моцарт. Рэквіем (частка "Лакрымоза").
Раманс
Адзін з жанраў песні, невялікі лірычны верш напеўнага характару пра каханне. Напрыклад, “Раманс” (“Зорка Венера”) М. Багдановіча, "Ты мне вясною прыснілася..." М. Шушкевіча.
Музыка: Георгій Свірыдаў. Раманс (з "Музычных ілюстрацый да аповесці А.С. Пушкіна "Завіруха").
Цвёрдыя формы верша
Віды верша, якія ўзніклі пераважна ў сярэдневяковай класічнай паэзіі, набылі інтэрнацыянальнае бытаванне і вызначаюцца пастаянствам вершаванага памеру, рыфмоўкі, колькасці і размяшчэння радкоў. Напрыклад, санет, трыялет, секстына, тэрцына, актава, рандо, хоку, танка і інш.
Санет
Форма лірычнага верша з 14 радкоў, у якім радкі звычайна рыфмуюцца ў пэўным парадку (часцей за ўсё абба абба ввг дгд). Напрыклад:
Роднай мове
Табе складаю шчыры свой санет,
Прапрадзедаў маіх жывая мова, --
Майго народа першая аснова,
Душы яго шырокі свет!
Калі і я ў табе пакіну след,
Хай не на ўсю ступню, хай напалову, --
Твая заслуга, казачнае слова,
Адзнака новых казачных прыкмет!
Да глыбіні душы мяне хвалюе,
Як пазнаю цябе і прагна п’ю я,
Нібы вады з крыніцы мне далі.
І крочу, маладая, з асалодай
Па гэтай любай, сонечнай зямлі,
Дзе роднай мовай дадзена валодаць!
(Еўдакія Лось)
Санет дзеліцца на дзве часткі: у першых дзвюх строфах развіваецца тэма, у наступных – робіцца вывад. Санеты пішуцца ямбам.
Трыялет
Васьмірадковы верш, у якім чацвёрты і восьмы радок паўтараюць першы, а сёмы радок – другі. Дзякуючы такім паўторам чытачу лёгка засяродзіць увагу на галоўнай думцы. Напрыклад:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
І трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
(Максім Багдановіч)
Актава
Васьмірадковы верш, шэсць першых радкоў у якім звязаны перакрыжаванай рыфмоўкай, а два апошнія – сумежнай (аб аб аб вв), што прыцягвае ўвагу да галоўнай думкі твора. Напрыклад:
Агні кахання — вечныя агні.
Без іх — у чалавецтва лёс сірочы.
Нам свецяць сонца, зоры з вышыні,
Але ярчэй — святло душы жаночай.
Жыццё ты за няўдачы не кляні,
Яго не па гадзінніку пясочным,
А па каханні нам адмерыў час.
I іншай долі не бывае ў нас.
Анатоль Грачанікаў
Вершаскладанне
Сістэма арганізацыі вершаванай мовы, у аснове якой – паўтарэнне пэўнагарытмастваральнага кампанента (часцей за ўсё націскных або ненаціскных галосных). Напрыклад:
Простае шчасце людское,
Так, як і наша з табою...
(Максім Танк)
Мерай рытмічнай арганізацыі вершаванай мовы звычайна з’яўляецца радок.
Стапа
Група складоў з адным націскным (доўгім) і адным альбо двума ненаціскнымі (кароткімі) складамі, раўнамернае паўтарэнне якіх вызначае метр сілаба-танічнай і антычнай сістэм вершавання. Напрыклад:
Ад пра'/дзеда'ў/ спако'н/ вяко'ў/
Мне за'/стала'/ся спа'/дчына'/...
(Янка Купала)
Харэй
Двухскладовая стапа з націскам на першым складзе ( _' _ ); вершаваны памер з такіх стоп. Напрыклад:
Лё′гкі /я′ сня /жы′нкі / у′ ці /шы′
До′лу / а′пу /ска′ ю /цца′ ня /сме′ла /...
Све′тла / ў по′лі,/ све′тла / на′ ду /шы...
Лё′гкі /я′ сня /жы′нкі / у′ ці /шы′ ...
(Данута Бічэль)
Ямб
Двухскладовая стапа з націскам на другім складзе ( _ _' ); вершаваны памер з такіх стоп. Напрыклад:
Быва′й, / абу′ /джана′ /я сэ′р /цам, да′ /рага′ /я.
Чаму′ / так го′р /ка, не′/ магу′ / я зра′ /зуме′ць/.
Шкада′ / зара′ /нкі мне′,/ што ў не′ /бе да′/гара′ /е
На ўсхо′ /дзе дня′ / майго′,/ яко /му ру′ /жаве′ць/.
(Аркадзь Куляшоў)
Дактыль
Трохскладовая стапа з націскам на першым складзе ( _' _ _ ); вершаваны памер з такіх стоп. Напрыклад:
Про′ста е / шча′сце люд /ско′ е /,
Та′к, як і / на′ша з та /бо′ ю/,
Пэ′ўна скла /да′ ецца / з со′лі/,
З хле′ба, са /бра′нага / ў по′лі /...
(Максім Танк)
Амфібрахій
Трохскладовая стапа з націскам на другім складзе ( _ _' _ ); вершаваны памер з такіх стоп. Напрыклад:
Пад ка′зач /ным ду′бам /
над Нё′ма /нам сі′нім /
хлапе′ц прыз /нава′ўся / ў каха′нні /
дзяўчы′не./
(Данута Бічэль)
Анапест
Трохскладовая стапа з націскам на трэцім складзе ( _ _ _' ); вершаваны памер з такіх стоп. Напрыклад:
Паміж пу′ /стак, бало′т / белару′с /кай зямл′і /,
На ўзбярэ′ /жжы ракі′ / шумнаце′ч /най,
Дрэмле па′ /мятка дзё′н /, што ў нябы′т / уцяклі′ /, --
Ўздзірване′ /лы курган / векаве′ /чны.
(Янка Купала)
Памер вершаваны
Паняцце, якое ўжываецца для вызначэннярытмічнай канвы верша і паказвае колькасць і характар стоп у вершаваным радку. Напрыклад, чатырохстопны ямб:
Ад пра'/дзеда'ў/ спако'н/ вяко'ў/
Мне за'/стала'/ся спа'/дчына'/...
(Янка Купала).
Рытм
Раўнамернае чаргаванне якіх-небудзь з’яў у часе і прасторы. Вершаваны рытмвыяўляецца ў раўнамерным чаргаванні пэўных аднатыпных моўных з’яў – так званых рытмастваральных кампанентаў (ненаціскных і націскных або доўгіх і кароткіх складоў, аднолькавай колькасці складоў, аднолькавых слоў, гукаспалучэнняў і г.д.). Напрыклад:
Адкажы ты мне,
Адкажы ты мне!
Хіба ты ўсе сцежкі выхадзіш?
Хіба ўсім дагодзіш, выгадзіш
Хіба ты ўсе тайны вызнаеш?
Хіба ты ўсе думкі выснуеш?
(Сяргей Дзяргай)
Музыка: М.Равель "Балеро"
Рыфма
Паўтаральная сугучнасць асобных слоў ці іх частак на пэўных, адных і тых жа месцах у вершаваным радку, часцей за ўсё сугучнасць канчаткаў вершаваных радкоў. Напрыклад:
Ой ты, дзяўчыначка мілая,
Як жа ты свет упрыгожыла.
Ластаўка ты легкакрылая,
Светлы мой сон растрывожыла.
(Міхась Шушкевіч)
Характар і ступень сугучнасці ў словах-рыфмах залежаць ад націску, колькасці і якасці гукавых супадзенняў, дакладнасці гэтых супадзенняў, суадносін сугуччаў з сэнсава значымымі словамі. У зарыфмаваных словах абавязкова павіны супадаць націскныя галосныя.
Гукапіс літаратурны (фоніка)
Гукавая арганізацыя літаратурнай мовы, якая ўзмацняе сэнсавую выразнасць і мілагучнасць мастацкага твора. Да гукапісу ў шырокім сэнсе адносяцца рытм, рыфма, строфіка, асобныя фігуры сістаксісу літаратурнага, інтанацыя, а таксама ўласна гукапіс, або гукавая інструментоўка твора. Гэта могуць быць прадвызначаныя пэўнымі выяўленчымі задачамі паўторы аднолькавых ці падобных гукаў галосных (асананс) або зычных (алітэрацыя), імітацыя з дапамогай гукаў пэўнай мовы тых ці іншых гукаў рэчаіснасці (гукаперайманне). Прычым гукавыя паўторы могуць быць у пачатку (анафара), канцы (эпіфара), у пачатку і ў канцы (кальцо), у канцы і ў пачатку (стык) вершаваных радкоў, слоў, фраз і г.д.
Асананс
Паўтарэнне ў вершы аднолькавых або падобных галосных гукаў. Дапамагае падкрэсліць асобныя словы, узмацніць інтанацыйна-гукавую выразнасць верша, надаць яму асаблівую мілагучнасць. Напрыклад:
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
(М.Багдановіч)
Страфа
Інтанацыйна-сэнсавае аб’яднанне некалькіх вершаваных радкоў, звязаных у большасці выпадкаў агульнай рыфмай. Напрыклад:
Простае шчасце людское,
Так, як і наша з табою
Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,
З поту, дарожнага пылу,
З роднага небасхілу...
(Максім Танк)
Асноўнае ў страфе – гэта рытмічная цэласнасць, якая прадвызначае аднароднасцьрытмічнага малюнку ў межах аналагічных строф, а таксама еднасць інтанацыйна-сінтаксічная, дзякуючы якой строфы набываюць змястоўную завершанасць і самастойнасць, выразна аддзяляюцца адна ад адной міжстрофнымі паўзамі, а на пісьме яшчэ і графічна (прабеламі). Самая пашыраная страфа ў беларускай паэзіі – чатырохрадкоўе (катрэн) з рыфмоўкай перакрыжаванай (абаб), сумежнай (аабб) і апаясной (абба).
Сінтаксіс паэтычны
Сістэма сінтаксічнай арганізацыі вершаванай мовы. Паэтычны сінтаксіс знаходзіцца ў арганічнай еднасці з рытмам, узаемадзейнічае з ім. Сінтаксіс вершаванай мовы больш складаны, чым сінтаксіс празаічнай мовы, аднак гэтая складанасць дзякуючы асаблівасцям вершаванай мовы не адчуваецца чытачом (слухачом) твора, не перашкаджае яго разуменню. Наадварот, усе складанасці сінтаксічнай будовы верша, калі яны толькі ў мастацкіх адносінах апраўданы, дапамагаюць лепшаму, больш арганічнаму выяўленню думак і пачуццяў паэта. Да сінтаксісу паэтычнага перш за ўсё адносяцца рытарычныя фігуры – рытарычнае пытанне (яно не патрабуе адказу, нясе ў сабе сцвярджээнне), рытарычны зваротак (ён не прадугледжвае нейкага канкрэтнага адрасата), рытарычны вокліч, а таксама розныя віды і формы стылістычных, або сінтаксічных, фігур (градацыя, недасказ,паралелізм, разнастайныя паўторы і інш.). Кожная з гэтых фігур адыгрывае ў творы сваю выяўленчую ролю.
Паўтор
Спосаб арганізацыі вершаванай мовы і паэзіі ўвогуле. Вядома некалькі відаў паўтораў:рытмічны, гукавы, лексіка-стылістычны, кампазіцыйны. Паўторы фіксуюць увагу чытача (слухача) на пэўных рытмічных, гукавых, лексічных, сінтаксічных, архітэктанічных кампанентах твора і тым самым павялічваюць іх значэнне ў кантэксце, узмацняюць іх эмацыянальнае ўдзеянне. Напрыклад:
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Каб светла-залатую яго ніць
віць і далей – любоўю, справай дзейнай
ды словам, што ад справы неаддзельна.
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Надзеяй, праўдай, мужным парываннем,
высакародным, дружным намаганнем,
што потымзоркай у вяках гарыць.
Тварыць! (Анатоль Вярцінскі)
Рэфрэн
Радок або некалькі радкоў, якія паўтараюцца ў канцы кожнага куплета верша ці песні. Звычайна ў рэфрэне ўвасабляецца галоўная думка твора. Напрыклад:
Дарог у свеце вельмі многа,
А ты між іх сваю знайдзі,
Няхай далёкая дарога,
А ты ідзі,
А ты ідзі...
Няхай цябе віхор збівае,
Няхай трывожна даль гудзіць,
Няхай сцяжынку замятае
А ты ідзі,
А ты ідзі...
(Пятрусь Броўка)
Анафара
Паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў. Напрыклад:
Дала прырода мне ваду і цвердзь,
Дала агонь, каб не блукаў я слепа,
Дала жыццё, а з ім дала і смерць...
Дала зямлю – а я глядзеў у неба...
(Васіль Зуёнак)
Надзвычай распаўсюджана як у фальклоры, так і ў пісьмовай літаратуры. Анафара павышае эмацыянальнасць паэтычнага выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, аб’ядноўваючы асобныя радкі.
Эпіфара
Паўтарэнне аднолькавых гукаў, слоў ці выразаў у канцы вершаваных радкоў або строфаў.
Інверсія
Перастаноўка звычайнага парадку слоў у сказе з мэтай падкрэслення сэнсавай значнасці, паэтычнай выразнасці пэўных слоў або наданне ўсёй фразе своеасаблівай інтанацыі, стылістычнай афарбоўкі.
Градацыя
Фігура літаратурнага сінтаксісу, паступовы пераход нейкай з’явы ад яе ніжэйшай ступені да вышэйшай ці, наадварот, ад вышэйшай да ніжэйшай. Напрыклад:
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Ты – наш край.
Ты – чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,
Ты – наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць,
забыць ці мячом зваяваць.
(Уладзімір Караткевіч)
Антытэза
Стылістычны прыём, заснаваны на супрацьпастаўленні супрацьлеглых з’яў, прадметаў, характараў, пачуццяў, ідэй, вобразаў і г.д. Можа быць у аснове невялікага верша (“Асадзі назад” Я. Коласа, “Ружа і штык” В.Віткі) і вялікага мастацкага твора, выяўляючыся нават у яго назве (раман “Свае і чужыя” І.Чыгрынава, аповесці “Гандлярка і паэт”, “Агонь і снег” І.Шамякіна).