Кандрат Крапіва

Да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы

 

        Кандрат Крапіва — адзін з буйнейшых прадстаўнікоў беларускай літаратуры. Выдатны мастак слова, ён узбагаціў беларускую літаратуру шматлікімі творамі, разнастайнымі па жанру і тэматыцы, у якіх адлюстроўваў жыццё нашай краіны на розных этапах яе гісторыі. Асабліва вялікая заслуга яго ў развіцці сатырычных жанраў, у развіцці беларускай байкі і драматургіі.

Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок былога Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. Пасля заканчэння народнага вучылішча вучыўся ў чатырохкласным гарадскім вучылішчы, спачатку ў Стоўбцах, затым у мястэчку Койданава. Да гэтага часу і адносяцца яго першыя пробы пяра. Закончыўшы ў 1913 г. гарадское вучылішча, Крапіва здае экстэрнам экзамен на званне настаўніка пачатковай школы і едзе працаваць у Мнішанскае земскае народнае вучылішча былога Мінскага павета. У 1915 годзе яго мабілізуюць у царскую армію і праз некаторы час пасылаюць на фронт. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у пачатку 1918 г., Крапіва як настаўнік дэмабілізуецца з арміі і едзе працаваць у адну з пачатковых школ Уздзенскай воласці. Праз два гады яго прызываюць у Чырвоную Армію. Некаторы час пасля арміі жыве ў роднай вёсцы, а вясною 1925 г. пераязджае ў Мінск, пачынае працаваць у Інстытуце беларускай культуры інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства, актыўна ўключаецца ў літаратурнае жыццё, з'яўляецца членам літаратурнага аб'яднання «Маладняк», а затым — «Узвышша».

У 1926 г. Крапіва паступае на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта; пасля заканчэння універсітэта цалкам аддаецца літаратурнай дзейнасці. Ён ужо вядомы як аўтар шматлікіх сатырычных вершаў, баек, апавяданняў (зборнікі «Асцё», «Крапіва», 1925; «Апавяданні», 1926), антырэлігійнай паэмы «Біблія» (1926). У пачатку 30-х гг. выходзяць з друку асобным выданнем яго паэма-жарт «Хвядос — Чырвоны нос» і першая кніга рамана «Мядзведзічы».

3 1934 г. асноўным відам літаратурнай творчасці пісьменніка становіцца драматургія. У верасні 1939 г. Крапіва прымае ўдзел у вызваленчым паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь, затым—у вайне з белафінамі. 3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ён зноў у радах Савецкай Арміі, працуе ў франтавым друку, спачатку ў газеце «За Савецкую Беларусь», а потым рэдактарам ілюстраванай сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну!», на старонках якой Друкуе сатырычныя вершы, апавяданні, байкі, фельетоны, памфлеты, накіраваныя супраць гітлераўскіх захопнікаў (на акупіраваную ворагам тэрыторыю Беларусі газету дастаўлялі на самалётах).

У самы цяжкі перыяд вайны, у снежні 1941 г., пісьменнік уступае ў рады КПСС. Пасля вайны Крапіва некаторы час рэдагуе гумарыстычна-сатырычны часопіс «Вожык», а затым пераходзіць на сталую працу ў Акадэмію навук БССР.

Доктар філалагічных навук, акадэмік Акадэміі навук БССР і яе віцэ-прэзідэнт з 1956 г., ён плённа працуе ў галіне беларускага мовазнаўства, а таксама аддае шмат увагі пытанням арганізацыі навуковай дзейнасці інстытутаў Акадэміі навук. За выдатныя заслугі ў развіцці беларускай літаратуры пісьменнік узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі, ён тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.

У 1956 г. у сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння Кандрату Крапіве прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.

У 1975 г. Савецкі ўрад удастоіў яго самай высокай узнагароды — звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Памёр Кандрат Крапіва на 95 годзе жыцця – 7 студзеня 1991 года.

 

Падрабязней пра жыццё і творчасць пісьменніка

 

Літаратурныя творы Кандрата Крапівы