Кніжны зубр пасяліўся ў Нацыянальнай бібліятэцы

08.11.2019

Мастацкае афармленне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стала больш цікавым: у фае будынка з'явіўся кніжны зубр, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове. "Скульптура "Зубр" з'яўляецца адначасова сімвалам Беларусі і зборным вобразам моцнай друкарскай традыцыі нашых продкаў. Матэрыялам для яе сталі дэталі старых друкарскіх станкоў і друкарскага шрыфту, што робіць яе помнікам кнігадрукаванню і літаратуры ў прамым і пераносным сэнсах. Сярод літар алфавіта, якія ўпрыгожваюць скульптуру, сустракаюцца нашы асаблівыя "ў" і "і". Гэты факт канчаткова здымае пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці кніжнага зубра", - расказалі ў бібліятэцы. Скульптура ў стылі хай-тэк створана дызайнерам Генадзем Котлінскім у аўтарскім праекце Уладзіміра Ліхадзедава. Альтэрнатыўна яна называецца "Алеф" па назве першай літары старажытных алфавітаў, якая паходзіць ад егіпецкага іерогліфа ў выглядзе галавы быка.

Па матэрыялах сайта